Супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання прынялі ўдзел у XV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях

Супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання прынялі ўдзел у XV Міжнародных кнігазнаўчых чытаннях, якія праходзілі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску 4-5 красавіка.

Ужо ў 15-ты раз даследчыкі і спецыялісты з буйнейшых бібліятэк, музеяў, архіваў, навучальных і навукова-даследчых устаноў як Беларусі, так і замежных краін, сабраліся, каб падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў кніжнай справе, абмяняцца ведамі і поглядамі на гісторыю і сучаснасць кніжнай культуры.

Загадчык музея Славіна Гаўрылава прыняла ўдзел у працы секцыі «Тэорыя і метадалогія кніжнай культуры. Тэндэнцыі кнігазнаўчых даследаванняў» у якасці сустаршыні, а таксама выступіла з дакладам «Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага: 25 год у справе захавання, прэзентацыі і папулярызацыі кніжнага збору НПГКМЗ».

Вядучы навуковы супрацоўнік Вера Ашуева працавала ў складзе секцыі «Традыцыі беларускай кніжнай культуры ХІХ-ХХІ стст.», яе выступленне было прысвечана такой тэме, як «Заходнебеларускія падручнікі ў фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка».

Падчас чытанняў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Захавальнікі рарытэтаў» (да 40-годдзя навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства).

707