Клічаў касмічны...З днём касматаўтыкі!

Ваганаў Іван Іванавіч (09.11.1922 – 21.11.1999)
Ваганаў Іван Іванавіч нарадзіўся 9 лістапада 1922 года ў Клічаве. Тут прайшло дзяцінства, школьныя гады, тут скончыў дзесяцігодку. У 1940 годзе па пуцёўцы мясцовага РК ЛКСМБ быў накіраваны ў Маскоўскае авіяцыйнае вучылішча.
1 мая 1941 года ўдзельнічаў у першамайскім ваенным парадзе на Краснай плошчы. У гады Вялікай Айчыннай вайны прымаў удзел у баявых дзеяннях. З верасня 1941 па май 1945 года ваяваў на Сталінградскім і Бранскім франтах, вызваляў Прыбалтыку.
Пасля Перамогі вучыўся ў Маскоўскай ваеннай акадэміі. Кіраваў авіяцыйнымі часцямі.
З 1957 па 1960 гады служыў на тэрыторыі Беларусі - у Пінску, Калінкавічах. З 1960 года - працаваў у Маскве.
Іван Іванавіч быў адным з удзельнікаў работы па асваенню касмічнай прасторы, сябраваў з Юрыем Гагарыным, быў адным з кіраўнікоў Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў у Зорным гарадку. З’яўляўся членам Ваеннага савета Паветранай арміі. Быў начальнікам палітаддзела цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына, загадчыкам мемарыяльнага музея акадэміка С.П. Каралёва. Жыў у Маскве.
Узнагароджаны трыма Ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах” 3-й ступені, 21-й медаллю, дыпломам і медаллю імя Ю.А.Гагарына.
У 1975 годзе за ўдзел у падрыхтоўцы і паспяховае правядзенне сумеснага палёту савецкіх і амерыканскіх касманаўтаў на караблі “Саюз - Апалон” Ваганаў І І. быў узнагароджаны дыпломам амерыканскай Асацыяцыі астранаўтыкі.
У 1995 годзе ўдастоены звання “Ганаровы грамадзянін гарадскога пасёлка Клічаў”.
Памёр 21 лістапада 1999 года.

460