Адкрыццё выставы «Мой тэкстыль» Наталлі Парахневіч

У Ноч музеяў святочную атмасферу Музея ткацтва стварала выстава «Мой тэкстыль» браслаўчанкі Наталлі Парахневіч: работы з мяккіх матэрыялаў маюць сваю асаблівую аўру цяпла і ўтульнасці.
Чым добрыя гэтыя палотны? Яны маляўнічыя. Наталля — цудоўны каларыст, у яе працах адчуваецца жаноцкасць, эмацыянальнасць, лёгкасць. Адчуваецца, што майстар укладае часцінку душы ў сваю працу. Кожны габелен — гэта аўтапартрэт мастачкі, загадка для гледача, яку не так проста разгадаць. Работы аўтара адзначаюцца прафесіяналізмам выканання, кожны ў іх бачыць нешта сваё. Выстава «Мой тэкстыль» для наведвальнікаў стала месцам разважанняў і адкрыццяў.
Наталля падзялілася сакрэтамі свайго майстэрства, распавяла, што зараз працуе ў мастацкім тэкстылі — адным з самых цёплых і стваральных напрамкаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У ім заключаны велізарныя фармальна-пластычныя, каларыстычныя і тэхнічныя магчымасці. На выставе прадстаўлена толькі частка яе творчых работ за апошнія пяць гадоў. Гэта пачатак скіраванасці ў будучыню.

696