Дарагая, я вельмі цябе кахаю!

“Дарагая, я вельмі цябе кахаю!”
Культура. - № 19 (1406) 11.05.2019 - 19.05.2019 г

Фонды Клічаўскага краязнаўчага музея распавядаюць
Вайна пакінула нам нямала дакументальных сведчанняў. Асаблівае месца сярод іх займаюць франтавыя і партызанскія лісты, якія ёсць у кожным музейным фондзе. Гэтыя пажоўклыя аркушы паперы вяртаюць нас да самай жорсткай у сусветнай гісторыі вайны, калі на палях баёў ад Баранцава да Чорнага мора вырашаўся лёс ўсяго чалавецтва. Лісты захавалі трагедыю і подзвіг народа, горыч страт і радасць перамог, любоў да блізкіх.Праз дзесяцігоддзі яны зноў і зноў нагадваюць нам не толькі пра вайну, але і пра людзей, што вынеслі яе на сваіх плячах. Лісты з вайны, пісьмы пра вайну….

Трохвугольнік, паштоўка, пахавальная…
Старая папера ўпарта заварочваецца па згібах, зробленых больш за 75 гадоў таму. Выцвілі чарніла, пабляклі фарбы на паштоўках. Лісты з вайны і па сёння захоўваюцца ў многіх сем’ях. У кожнага трохвугольніка — свой лёс, свая гісторыя, шчаслівая ці сумная. Бывала і так: вестачка з фронту, што родны — жывы, прыходзіла пасля таго, як паштальён, адводзячы ў бок вочы, уручаў страшны казённы канверт. А маці і жонкі верылі: “пахаронка” прыйшла памылкова. І чакалі — гадамі, дзесяцігоддзямі.

Калі вестачкі з фронту можна было дастаўляць у тыл больш-менш рэгулярна, дык сувязь з тымі, хто заставаўся на акупіраванай тэрыторыі, практычна адсутнічала. У партызанскіх атрадах было шмат чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне і не змаглі прабрацца за лінію фронту. Пра іх лёс блізкія нічога не ведалі, а на асобных нават прыйшлі пахавальныя.

Нават мяхі спатрэбіліся
Не цяжка ўявіць, якое вялікае значэнне для байцоў Клічаўскай партызанскай зоны меў факт наладжанай авіясувязі з Вялікай зямлёй — пагатоў, апрача боепрыпасаў і медыкаментаў самалёты дастаўлялі і паштовыя адпраўленні. З 14 чэрвеня 1942 года ў партызан з’явілася магчымасць звязацца са сваімі сем’ямі на Вялікай зямлі. І паляцелі ва ўсе куткі СССР лісты з акупіраванай тэрыторыі.

Пісьмо Арона Ісаевіча Прэмета, палітрука роты 277-га партызанскага атрада Клічаўскага злучэння:

“29. 9. 1942. Партызанскі лагер. Магілёўская вобл. Б.С.С.Р.

Добры дзень, мая дарагая Зінок!

А колькі нечаканасцяў у жыцці! Насамрэч. Ці ж пасля таго, што адбылося ў маім жыцці за апошні час, я мог меркаваць, што буду пісаць табе? Аднак факт застаецца фактам. З вялікімі цяжкасцямі я дажыў да гэтага моманту. Праўда, гэтая магчымасць пісаць не зусім устойлівая: рэгулярнай сувязі яшчэ няма і не хутка будзе. Але я спадзяюся, што гэтае пісьмо ты атрымаеш. Перш за ўсё трэба паведаміць, што я яшчэ жывы. Як гэта атрымалася — сам здзіўляюся! Шмат цікавага можна распавесці, але пакуль абмяжуюся тым, што паведамлю наступнае: на фронце быў два першыя месяцы вайны. Трапіў у акружэнне. Выйшаў з акружэння. Хаваўся пераапрануты ў адной вёсцы (Максімавічы). Трапіў у палон. Збег з палону. Хварэў. Сышоў у партызаны. І вось ужо 6 месяцаў як я ў партызанскім атрадзе.

У Вас, напэўна, многае кажуць пра партызанаў. Жывём мы ў тыле ворага, б’ём ворага і забяспечваемся за кошт ворага. Жывём някепска, работы ў нас шмат. Сумаваць няма калі. Цяпер мы ў асноўным перайшлі на дыверсіі. Многія з
партызанаў нашага атрада ўзнагароджаны ўрадавымі ўзнагародамі. І я ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. За што! Не ведаю! Але ўдзельнічаў у многіх баявых аперацыях па барацьбе з гітлераўцамі, разам з невялікай групай узарваў буйны чыгуначны мост, спусціў два эшалоны пад адхон і г. д. Вось зараз зноў сыходжу на дыверсію і спяшаюся скончыць і пакінуць гэтае пісьмо. Чакаем самалёта з Масквы, які заадно захопіць пошту.

Жывём мы ў беларускіх лясах, вельмі часта пераходзім з месца на месца (для маскіроўкі і канспірацыі). Часта нас ганяюць немцы. І мы іх ганяем. Ты б мяне цяпер не пазнала. Я ў многім змяніўся за гэты час. Стаў грубым, злым, пачаў курыць. Але затое набыў шмат станоўчых якасцяў, а галоўнае — выжывальнасць. Няхай цябе мая грубасць не палохае. Усё гэта пройдзе, як толькі вайна кончыцца. І курыць я кіну.

У многім і ты, напэўна, змянілася. Іншым разам мне падаецца, што ты мяне не чакаеш і выйшла замуж. Аднак гэта, напэўна, няпраўда. Забыўся на твой адрас і пішу наўздагад. Хачу, каб ты атрымала пісьмо. Думаю, што да пэўнай ступені яно цябе ўзрадуе. Жадаю і адказ ад цябе атрымаць. Магчыма, што і гэта адбудзецца. А пра асабістую сустрэчу я і не кажу. Гэта немагчыма да канца вайны. І так я прымусіў абудзіцца тваю памяць, згадаць старое, мо ўжо забытае. Але нічога — прыемнае старое прыемна ўспомніць. Я, праўда, больш засмуціўся ад таго, што згадаў, аднак я ўсё ж задаволены, што напісаў табе.

Да пабачэння! Прывітанне ўсім. Цалую моцна, моцна! Арон.

P. S. Лёня, яго сям’я, відавочна, загінулі!”

З пісьма Івана Аляксеевіча Рыбкіна, палітрука роты 25-га партызанскага атрада Клічаўскага злучэння, жонцы Ліне:

“Дарагая Ліна! Пасля доўгага нашага развітання з’явілася шчаслівая магчымасць паведаміць пра сябе. Вось ужо год я знаходжуся ў глыбокім тыле праціўніка са зброяй у руках, адстойваю сваю Радзіму — у партызанскім атрадзе. На фронце ў змаганні з гітлераўцамі я 30/ІХ-41 г. быў паранены ў апошняй атацы: праколаты нямецкім штыком у грудзі навылёт і ў непрытомным стане быў узяты ў палон. Але ўцёк у партызанскі атрад, дзе знаходжуся і па сёння.

Здароўе маё — цудоўнае, як і раней (ты ж мяне ведаеш). Жыццё — цікавае, баявое, насычанае. Мяне вельмі цікавіць, як жывуць мае мілыя і дарагія дзеткі — Эмачка і прыгажуня Нэлічка, якія мне пастаянна сняцца і трывожаць сваімі вобразамі. Напішы мне падрабязна пра сям’ю, пра сябе і дзе мае бацькі, бо яны, верагодна, былі эвакуяваныя. Схадзі ў абкам ВКП /б і гаркам ВЛКСМ і перадай ад мяне партызанскае прывітанне, як ад былога палітбайца. Вялікае прывітанне цёці Соні, калі яна жывая, і ўсім нашым, у асаблівасці Апрэлевым. Мне чамусьці часта сніцца Марыя Аляксандраўна, у сяброўскіх сустрэчах. Карацей, я жывы і здаровы. Цалую пяшчотна. Твой Ванюша”.

Пошта акрыляла і…
У Клічаўскім краязнаўчым музеі захоўваюцца не толькі лісты з фронту, але і зваротныя пісьмы франтавікам і партызанам. Чытаеш гэтыя цёплыя пяшчотныя радкі і разумееш, з якім нецярпеннем байцы чакалі вестачак ад родных, якую радасць несла пошта, як надавала сіл.

З лістоў Ліны Рыбкінай мужу Івану, палітруку 25-га партызанскага атрада Клічаўскага злучэння:

“Дарагі Ванюшка! Вялікую радасць прынесла тваё пісьмо. Што можа быць больш радасным за тое, што ты жывы? За доўгі час многае давялося перадумаць і ўсяляк пераконваць сябе, што ты павінен быць жывым…

…Раднушка мая! Што я бачу — блізкі і родны почырк! Почырк, які прымусіў нястомна біцца маё сэрца, біцца так, што я не ў сілах стрымаць слёз. Якая радасць! Ты зноў уваскрэс перада мною. Я ясна бачу твае мілыя вачаняткі, якія іскрацца і радуюцца…

Як бы там ні было, мы ўдала даехалі да Масквы, а потым воінскім эшалонам трапілі ў Куйбышаўскую вобласць, дзе і жывём да сённяшняга дня… Я працую дырэктарам школы, у маім распараджэнні конь. Гэта дапамагае даставаць неабходнае для сям’і. Сёлета мы завялі кур і пасадзілі гарод, бо гэта трохі выпраўляе становішча…

…Ванюшка, мы доўга не атрымлівалі ад цябе вестак, але былі ўпэўнены ў тым, што ты павінен быць жывым… Мілы мой, бязлітасна грамі гэтых гадаў немцаў. Бо яны парушылі наша жыццё. Чакаю цябе хутчэй дахаты. Я ўжо падрыхтавала ўсё для сустрэчы. Моцна цалую, твая Ліна, цёця Соня, Эмачка і Нэлія”.

…натхняла
Лісты партызанаў, перапраўленыя самалётамі з акупіраванай тэрыторыі на Вялікую зямлю, значна адрозніваюцца ад франтавых пісьмаў сваім аб’ёмам і эмацыйнасцю. І гэта не здзіўляе. Па-першае, яны не праходзілі працэдуру ваеннай цэнзуры. Па-другое, магчымасць адправіць ці атрымаць ліст з-за лініі фронту не была такой даступнай, таму эмацыйны складнік дадаваў пісьму асаблівую значнасць: спакойна чытаць гэтыя старонкі часам немагчыма.

З пісьма Івана Аляксеевіча Рыбкіна, палітрука 25-га партызанскага атрада Клічаўскага злучэння, жонцы Ліне:

“Дарагая Ліна! Ура! Атрымаў два лісты. Вельмі рады, што ты жывая і здаровая. Асабліва рады за сваіх мілых дзетак, што яны таксама жывыя і здаровыя. Я ўяўляю мілы вобраз Эмачкі і Нэлічкі. Яны цяпер, відаць, вялікія. Бо так шмат прайшло адарванага ад жыцця часу. Тры гады!.. Тры гады жаданняў і пакут. Але шчасце жыць пакуль на маім баку…

…З першых дзён у партызанскіх атрадах я працую на камандных пасадах нач. боезабеспячэння атрада, палітрука роты (каля года). Прыняты ў партыю ў кастрычніку 1943 года. Бяззменна нясу партыйна-грамадскую нагрузку, з’яўляюся рэдактарам атраднай газеты. Выпускаю яе рэгулярна, нават выпусціў адзін аб’ёмны нумар літаратурна-мастацкага часопіса. Баявой і грамадскай работы многа…

…Адначасова займаюся творчасцю ў вобласці ваеннага вынаходніцтва і стварэння партызанскіх песень. Адну песню я накіраваў ва Усесаюзны камітэт радыёвяшчання СССР і атрымаў наступны адказ: “Паважаны тав. Рыбкін! Па Вашай просьбе Ваша “Партызанская песня” пераслана ў Чырвоназнамённы ансамбль песні. Паспрабуйце напісаць нам просты аповед пра Ваша жыццё і баявую дзейнасць. Можа быць, Вы ці хтосьці з Вашых таварышаў вядзе дзённік? Дашліце тады выпіскі з дзённіка. Жадаем удачы ў Вашай слаўнай баявой дзейнасці. Прывет. Галоўны рэдактар Ардамацкі. 18 сакавіка 1943 г.”

Хто ты, незнаёмец?
Лісты пісалі не толькі бацькам, сынам і мужам. Іх вельмі часта адрасавалі і зусім незнаёмым людзям. Пісалі для таго, каб падтрымаць баявы дух і ўзняць настрой.

Танкіст Аляксей Сіўкоў, які служыў у адным палку з ураджэнцам вёскі Альхоўка Клічаўскага раёна Героем Савецкага Саюза Паўлам Крываносам, згадвае, як напісаў ліст у “Комсомольскую правду”, пасля чаго яму сталі слаць пісьмы незнаёмыя дзяўчаты-масквічкі Зоя і Ніна Грэкавы. У тым ліку, нават і вершы.

Ліст масквічкі Зоі Грэкавай танкісту Аляксею Сіўкову, сакавік 1945 г.:

“Я с тобой иду всегда

незримо,

Я храню тебя,

ты будешь жить,

Знай, что смерть

шальною пулей мимо

Не коснувшись

сердца прошумит.

Отведу её своей

любовью,

Смертоносный растоплю

металл.

Ночи не было, чтоб

к изголовью

Милый образ твой

не прилетал.

Я всегда с тобою,

быть может,

Кровь твоя пылает

на снегу.

Пусть тебе другая

бинт наложит,

Только знай — тебя я

берегу”.

Пісала ўся Беларусь
Гісторыя мела свой працяг. Шэсць таварышаў Аляксея ў перапынку паміж цяжкімі танкавымі баямі напісалі ў рэспубліканскую газету “Звязда”. Яны звярнуліся да дзяўчат з просьбай пісать ім лісты. Пасля публікацыі звароту “Пішыце, дзяўчаты, на фронт” паштальён прыносіў ім штодня па 50 — 60 пісьмаў. Аляксей Сіўкоў згадваў: “Здаецца, пісала ўся вызваленая Беларусь. Радасці не было канца”…

З пісьма дзяўчыны з Добруша танкісту Аляксандру Бадрову (1945 год):

“…Я пасадзіла на твой пай градку маркоўкі, градку бульбы, пятрушкі. Мне 18 гадоў. Прымі, Сашанька, фотакартку. Вельмі чакаю”.

Яшчэ і мастацкі летапіс
А колькі было такіх пісьмаў, у якіх заклікалі біць ворага і з перамогай вяртацца дахаты!

Лісты з франтоў Вялікай Айчыннай — дакументы вялікай сілы ўздзеяння. Радкі прапахлі порахам, у іх — подых вайны, суворая праўда акопных будняў, пяшчотнасць салдацкага сэрца, вера ў Перамогу.

Важнае значэнне ў гады вайны надавалася мастацкаму афармленню паштовай карэспандэнцыі, якая звязвала фронт і тыл: канвертаў, паштовак, паперы. Многія лісты з фронту прыходзілі на паштовых картках з выявамі партрэтаў палкаводцаў (Неўскага, Кутузава…), эпізодаў бітваў, лозунгаў: “Бі ворагаў, як білі яго нашы дзяды!”

“Праверана ваеннай цэнзурай”
У большасці сваёй гэта невялікія, можна сказаць, сціслыя паведамленні. Што і не дзіўна, бо на многіх з іх стаіць штамп “Праверана ваеннай цэнзурай”. Як правіла, звесткі пра ход баявых падзей у пісьмах франтавікоў сустракаюцца хіба вельмі сціслыя. Паколькі часам іх пісалі з пярэдняга краю, байцы ўказвалі месцы, дзе ішлі баі. Звычайна рабілі гэта адным радком: “знаходжуся на Заходнім фронце”, “прывітанне з Беларусі”, “адстаялі Одэр”.

Амаль у кожным салдацкім пісьме можна знайсці звесткі пра таварышаў, загінулых у баях, пра жаданне адпомсціць за іх. Адпраўлялі родным не толькі вершы, але і фотаздымкі, выразкі з газет і лістовак.

І кожны баец бясконца сумаваў па родным доме. Таму ў кожным салдацкім пісьме абавязкова былі радкі, якія тычыліся ўзаемаадносінаў з самымі блізкімі людзьмі. У той цяжкі час усе вельмі выразна разумелі, што кожны дзень і нават кожная гадзіна могуць стаць апошнімі, таму асабліва цанілі дзень сённяшні, захоўвалі ў душы толькі светлыя пачуцці і добрыя ўспаміны. Невыпадкова амаль усе лісты пачынаюцца са слоў: “мілая”, “родныя”, “дарагі мой”…

Напярэдадні Дня Перамогі людзі чакалі пошту з асаблівым пачуццём.

З пісьма Фёдара Іванавіча Лапкова, радавога 830-га стралковага палка 238-й стралковай дывізіі, п/п 05251 “Я” маці Ганне Ігнатаўне Лапковай, вёска Закупленне Клічаўскага раёна:

“Пісьмо з фронту ад вядомага сына вашага Федзі. Вітаю вас, дарагія бацькі! Мамаша і таксама сёстры Анфіса і Анюта. У першых радках свайго ліста хачу паведаміць вам, што пакуль жывы і здаровы, чаго і вам жадаю ў вашым дамашнім жыцці.

…У дадзены момант вядзем баі па знішчэнні акружанай групоўкі праціўніка ля горада Данцыга.

…Жывём, можна сказаць, добра.

…Вось усё маё кароткае пісьмо, чакаю адказу, перадавайце прывітанне ўсім знаёмым і родным”.

Гэта апошні ліст ад сына, які прыйшоў да маці ўжо ў вызваленую ад фашыстаў вёску Закупленне. Яно напісана 13 сакавіка 1945 года. А ўжо 14 сакавіка Фёдар Лапкоў загінуў.

У кожнай сям’і — свая гісторыя. Але ўсіх аб’ядноўвае далучанасць да трагічных падзей Другой сусветнай вайны. Пісьмы з фронту — абпаленыя, надарваныя — кранаюць нас да глыбіні душы. І кожны раз 9 мая неяк асабліва гучаць словы “Подзвіг народа несмяротны”.

Наталля ХРАМЯНКОВА, дырэктар Клічаўскага
краязнаўчага музея
http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=16153

475