У рамках праекта Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея да 75-годдзя Перамогі “Мы ім абавязаны памяць” 13 сакавiка 2020 г. вакол месца апошняга масавага растрэлу яўрэяў г. Навагрудка быў пасаджаны бярозавы гай

Супрацоўнікі музея і навучэнцы-валанцёры УА “Навагрудскі сельскагаспадарчы ліцэй” ажыццявілі мару Нэлі Ажухоўскай – былой уражэнкі горада Навагрудка, якая сёння жыве ў г. Кфар Саба ў Ізраілі.
7 мая 1943 г. у канцы вул. Мінскай у яме, з якой да вайны бралі гліну, былі растраляны 250 яўрэяў з навагрудскага гета, што знаходзілася на тэрыторыі былога ваяводскага суда па вул. Мінскай. Адразу пасля вызвалення ў 1944 г. тут было створана СПТВ-193. Па ініцыятыве Канянкова Віктара Паўлавіча, былога дырэктара СПТВ – 193 (зараз УА «Навагрудскі сельскагаспадарчы ліцэй», у савецкі час на месцы растрэла быў устаноулены помнік, на якім было напісана, што ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў там загінулі мірныя савецкія грамадзяне.
У 1993 г. Джэк Каган, былы вязень гета на вул. Мінскай, у якога ў гэтай магіле ляжаць маці і сястра, паставіў новы помнік. Зараз на ім напісана, што нямецка-фашысцкія захопнікі і іх памагатыя растралялі тут 250 яўрэяў з навагрудскага гета.
У мінулым годзе, калі ў Навагрдку сабраліся больш за 100 гасцей з замежжа – дзеці і ўнукі яўрэяў, якія засталіся ў жывых дзякуючы яўрэйскаму партызанскаму атраду братоў Бельскіх – тут быу закладзены камень з табліцай, на якой пералічаны імёны членаў сям’і Нэлі Цаобер (Ажухоўскай). Яны усе загінулі ў Навагрудку падчас Халакосту, большасць ляжаць у гэтай магіле.
Нэлі было два гады, калі прыйшлі немцы і пачалася акупацыя. Усю вайну яе хавала беларуская сям’я ў вёсцы, назву якой Нэлі не памятае. Яна была там пасля вайны, але, здаецца, наўмысна забылася, выкрасліла з памяці ўсё, што звязана з трагедыяй гібелі яе сям’і. У жывых засталіся толькі яе бацька і брат, якія ўцяклі праз тунэль разам з апошнімі вязнямі гета. Іх імёны сёння знаходзяцца на Сцяне Памяці ў Музеі Яурэйскага Супраціулення.
Пасля вайны Мардэхай і Лёва Ажухоўскія вярнуліся ў Навагрудак, забралі Нэлю і пасяліліся ў канцы вуліцы Мінскай. Іх дом стаяў каля вуліцы, як раз перад новым корпусам сельскагаспадарчага ліцэя, і малая Нэля кожны дзень гуляла разам з іншымі дзецьмі каля той самай ямы, праз якую выпаўзалі з тунэлю уцекачы.
Яна вучылася у рускай школе (СШ №2). Нэля памятае настаўніка, якога звалі “Муха”. Яна не ведае было гэта прозвішча ці мянушка, але добра памятае, як ён дапамагаў ёй чытаць і пісаць, таму што ўсе астатнія дзеці ў класе ўжо добра ўмелі. А вось матэматыка ў Нэлі атрымлівалася добра. Вучылася Нэля ў другую змену. Вяртаючыся вечарам зімой са школы, яна павінна была праходзіць паўз гета. “Вьюга, снег, холод…. плохо одетая после войны…страх проходить возле разрушенного гетто…. длинные тени из-за луны давали ощущение, что кто-то воет и бежит за мной, и моё тело сковывал страх”, - так апісала Нэля свае дзічыя ўспаміны ў лісце, дасланым у музей.
Пасля школы яна вучылася у Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы, хадзіла ў танцавальны кружок у дом культуры на плошчы. Але страх не пакідаў. Насупраць дома крыху наводдаль на ўзгорку была магіла, у якой ляжалі загінуўшыя пакутніцкай смерцю 250 чалавек, у тым ліку яе маці і іншая раадня.
Дома, дзе Нэля жыла да 1957 г., няма. На яго месцы зараз растуць бярозы. Яны сталі для Нэлі сімвалам роднага дома.
Падчас аднаго з прыездаў у Навагрудак яна спрабавала знайсці месца, дзе стаяў калодзеж. Яна амаль ўпэўнена, што знайшла яго перад новым корпусам ліцэя і тады ёй прыйшла ў галаву думка – трэба пасадзіць бярозы каля помніка на Мінскай, каб яе самыя любімыя дрэвы ахоўвалі спакой яе родных і ўсіх тых, хто ляжыць там у брацкай магіле.
Бярозкі ахвяраваў Навагрудскі лясгас, а пасадзілі іх па просьбе Нэлі Цаобер (Ажухоўскай) навучэнцы УА “Навагрудскі сельскагаспадарчы ліцэй”, якія дагдядаюць за гэтым месцам масавага растрэлу, разам са сваімі выкладчыкамі і супрацоўнікамі гісторыка-краязнаўчага музея.
Нэля абяцала прыехаць ізноў, каб пасядзець у цені бярозавага гаю. І, як заўсёды, калі яна бывае ў Навагрудку, адчуць быццам ёй зноў сямнаццаць.
Шчырае дзякуй усім, хто прыняў удзел у акцыі памяці.

752