Міжнародны дзень музеяў. Святкуем разам!

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае разам адзначыць Міжнародны дзень музеяў!
Нягледзячы на тое, што музей працуе у штатным рэжыме і заўсёды рады гасцям, навуковыя супрацоўнікі запланавалі і шмат цікавага для нашых віртуальных наведвальнікаў. У музейных сацсетках, на нашым You-tube-канале і сайце музея ўсіх цікаўных чакаюць захапляючыя прыгоды на сядзібе Песняра, а таксама падарожжа па мясцінах, дзе жыў паэт; шмат квэстаў, конкурсаў, гульняў, віктарын.
Прапануем вашай увазе расклад свята.
Першыя мерапрыемствы запланаваны на пятніцу і суботу. 15 мая ў Міжнародны дзень сям'і на сайце музея kolasmuseum.by адкрыецца віртуальная выстава "Не адзін я ў свеце", прысвечаная роду Міцкевічаў.
У суботу у сацсетках музея, на сайце і на нашым You-tube-канале прапануем цікавую прэм'еру - сумесны праект Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Таямніцы фондаў Песняра” да юбілею У. С. Караткевіча.
18 мая чакаем усіх у сацсетках, сайце і на нашым You-tube-канале:
12.00-24.00
Анлайн-марафон "Happy hour"
У сетках Instagram, fb, vk кожную гадзіну (з 12. 00 да 24. 00) будуць з'яўляцца пытанні-асацыяцыі, падпісанты мусяць сабраць максімальную колькасць адказаў і атрымаць падарунак ад музея. Пытанні будуць звязаны з канкрэтнай лічбай і музейнымі прадметамі, аздабленнем, гісторыяй.

12.00-20.00
Гарадскі квэст "Падарожжа на край ночы"
У розных кропках горада Мінска, звязаных з жыццём і творчасцю Якуба Коласа, супрацоўнікі схаваюць ключы-адгадкі, якія наведвальнікі змогуць анлайн (даслаць геалакацыю) ці офлайн (фота) знайсці і раскрыць галоўную таямніцу Коласа.

12.00-20.00
Падвядзенне вынікаў конкурсу "Назад у будучыню" па мадэляванні карціны свету герояў паэмы "Новая зямля" у сучаснасці. Да 16.00 доўжыцца 4 этап, пасля – абвяшчэнне пераможцаў.

12.00-13.30 – віртуальная экскурсія па актуальных выставах Дома Коласа.

13.30 - Zoom meeting з супрацоўнікамі музея Якуба Коласа, сябрамі музея (чытаюць урыўкі любімых твораў розных аўтараў, адказваюць на пытанні падпісантаў). Відэа размесцяць у сетках.

У 18.00 для адважных шукальнікаў прыгод адзбудзецца віртуальны інтэрнет-квест па залах музея “Сакрэты дома Песняра”.
Па сюжэце, Дом Песняра зачараваны, і толькі ўдзельнікі квэста могуць дапамагчы яму скінуць злыя чары і вярнуць памяць жыхарам Дома. Для гэтага трэба разгадваць рэбусы, знаходзіць у экспазіцыі патрэбны экспанат, упісваць адказы ў крыжаванку і ў выніку атрымаць чароўныя словы-заклінанні.
З 19.00 можна будзе пазнаёміцца з серыяй ролікаў да анлайн-выставы, прысвечанай аповесці “Дрыгва” і яе галоўнаму герою.
А 20 гадзіне пачнецца анлайн-гульня “Адгадай твор Якуба Коласа па трох словах”, а таксама прэзентацыя музейнай выставы да Міжнароднага дня сям’і.
З 21.00 гледачоў чакае сумесны праект Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры “Таямніцы фондаў Песняра” да юбілею У. С. Караткевіча. Пасля заканчэння адбудзецца прэм’ера відэа-фільма “Якуб Колас і прырода”, створанага юным сябрам музея сямікласнікам Аляксеем Волкам, які ў захапленні ад творчасці Якуба Коласа.
У 22.00 распачнецца вячэрні анлайн-праект “Сны Якуба Коласа”, гледачы ўбачаць відэа са спальнага пакоя Я. Коласа з дэманстрацыяй рэчаў інтэр’еру, скрытых ад вачэй наведвальнікаў.
23. 00 – 24. 00 – анлайн-гульня па сумеснай выставе музея Якуба Коласа і мастака Анатоля Бяляўскага “Вандроўкі па Беларусі” і эксклюзіўнае відэа з яго майстэрні.
Пераможцы конкурсаў і гульняў атрымаюць прызы ад музея.
Сардэчна запрашаем далучыцца да нас!
Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02
Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
e-mail: muzeykolas@yandex.ru; kolasmuseum@gmail.com
www. kolasmuseum.by
https://www.instagram.com/kolasmuseum/
https://www.facebook.com/yakubkolasby/
https://vk.com/kolasmuseum
You-tube-канал Yakub Kolas Museum

1007