Цырульнік з Магілёва. Гісторыя беларускай сям’і, якая выратавала яўрэя

Пра баявыя подзвігі напісана нямала. Але важкі ўнёсак у барацьбу з ворагам рабілі і мірныя жыхары. У тыле па 18 гадзін стаялі ля станкоў і рабілі снарады. Дапамагалі партызанам: кармілі, лячылі. Гісторый такіх — тысячы. Сёння гаворка пойдзе пра беларускую сям’ю, якая з рызыкай для жыцця выратавала ад смерці яўрэя.

Нямецкая армія хутка прасоўвалася ўглыб Беларусі, захопліваючы вобласць за вобласцю, знішчаючы мірных жыхароў цэлымі вёскамі. Частка, у якой служыў Моця Сахрай, трапіла ў акружэнне. Спрабавалі прабіцца да сваіх — нічога не атрымлівалася. У снежні 1941 года пасля шматгадзіннага бою кантужаны Моця разам з групай чырвонаармейцаў трапляе ў лагер для ваеннапалонных у Магілёве. Не мае сэнсу апісваць умовы ўтрымання ў палоне — яны жахлівыя. Пры адной толькі згадцы аб прыналежнасці да яўрэйскай нацыянальнасці фашысты ставілі да сценкі. Нейкі час Сахраю ўдавалася прыхоўваць імя і імя па-бацьку. Ён выдаваў сябе за жыхара Каўказа.
Уцёкі

Студзеньскай ноччу 1943 года ў трыццаціградусны мароз група ваеннапалонных вырашылася на ўцёкі. Ніхто не ўяўляў, што рабіць далей. Лінія фронту адкацілася ўжо на сотні кіламетраў і не заставалася надзеі дабрацца да яе. Вырашылі прабівацца да партызанаў, што базіруюцца ва Усакінскіх лясах. Ішлі ляснымі сцежкамі, стараліся нікому не трапляцца на вочы. Стаялі страшэнныя маразы. Адзенне зусім знасілася. Каб хоць неяк сагрэцца, імкнуліся як мага болей рухацца. Вогнішча разводзіць баяліся. Ішлі доўга, лясамі ды балотамі. Ноччу заходзілі ў вёскі, прасілі паесці і якую-небудзь вопратку.

Паступова група стала радзець. Асобным чырвонаармейцам давалі прытулак жыхары глухіх паселішчаў. Сахраю ніхто прытулку не прапаноўваў. Нямецкія ўлёткі на рускай мове паведамлялі, што за выдачу яўрэя даецца прэмія — пачак махоркі. Большасць насельнікаў акупаванай тэрыторыі нічога не мела супраць яўрэяў, аднак палохалі чуткі пра тое, што нішчыць будуць не толькі яўрэяў, але і тых, хто ім дапамагае. Вось і не пускалі ў дом. У лепшым выпадку давалі трохі хлеба.

Моця быў ярка выражанай асобай яўрэйскай нацыянальнасці. І адпаведны акцэнт праслухваўся. Таму і не прасіў прытулку, ведаў, чым пагражае такая дабрачыннасць.

Неўзабаве ён застаўся адзін. Ішоў наўздагад, прымушаў сябе рухацца, каб не замерзнуць. Лядашчае адзенне спарахнела ўшчэнт, брызентавыя боты развальваліся. Сіл ужо не заставалася і вельмі хацелася спаць. Вось у такім стане Моця Сахрай рушыў да лясной вёсачкі і стаў чакаць. Вечарам з бліжэйшай хаты выйшаў хлопец. Моця, памятаючы змест нямецкіх улётак, распавёў, што ён, армянін, збег з лагера ў Магілёве.

Іван Сілін (так звалі хлопца) вярнуўся ў хату і расказаў маці, што чалавек на вуліцы, галодны і абарваны, просіць прытулку. “Сказаў, што армянін, але я бачу - жыд”. А маці адказала: “Кім бы ні быў, а чалавек, кліч у хату!”
Прытулак

Так Моця Сахрай стаў жыць у сям’і Івана Сіліна. Вёска называлася Закупленне. Маці звалі Крысціна. Былі ў Івана і дзве малодшыя сястры — Вольга і Настасся. Адпайвалі Моцю малаком, хавалі за фіранкай рускай печы. Боты з апухлых ног зняць не змаглі. Крысціна па кавалках зразала нажом брызент разам са скурай. Доўга лячыла раны. А Моці загадала: “Ты — глуханямок! Нічога не чуеш, нічога не ведаеш. Пачнеш гаварыць — і сябе загубіш і нас. Зайдуць немцы ці паліцаі — ляжы на печы і не шавяліся!” Так Моця і рабіў. А калі хто з чужых заходзіў, Крысціна клалася на край печы і прыкрывала сабой, ратавала ад гібелі, рызыкуючы згубіць усю сям’ю. Так, рызыкавалі Сіліны страшэнна, але Моцю з хаты не гналі, наадварот — лекавалі, кармілі, хавалі.
У партызаны

Паступова Моця ачуняў. Хацеў сысці ў партызаны, але Крысціна казала: “Рана, ты яшчэ слабы. Набірайся сіл”. Усе жыхары Закуплення ўжо ведалі, што Сіліны хаваюць яўрэя. Ведаў і стараста — Сямён Жалезнякоў. Але ніхто не выдаў, а стараста папярэджваў усіх, каб маўчалі.

Ішоў час. Алнойчы ў вёску прыйшоў партызанскі атрад (партызанскі полк № 277) пад камандаваннем Ігната Ізоха. Моця цёпла развітаўся з Сілінымі і сышоў з партызанамі. Сказаў на развітанне: “Ніколі вас не забуду. Буду жывым — абавязкова вас знайду”.

У партызанскім атрадзе яго накіравалі ў гаспадарчы ўзвод. На баявыя заданні не пасылалі, ставіліся да яго з насцярогай. Выклікала падазрэнне тое, што яўрэй застаўся ў фашысцкіх засценках жывым.
Праверку прайшоў

Аднойчы Моцю паклікаў камандзір атрада. У камандзірскай зямлянцы Сахрай убачыў такую карціну: на стале ляжаў трафейны чамаданчык з рыштункам цырульніка. Камандзір перад люстэркам галіўся і парэзаў увесь твар. Моця сказаў, што працаваў да вайны цырульнікам у магілёўскім рачным порце і прапанаваў Ізоху свае паслугі. І тут Ігнат успомніў, як некалькі разоў заходзіў у гэтую цырульню і бачыў Моцю. Праверкі пасля гэтага скончыліся. Моцю сталі пасылаць на баявыя заданні.

Моця партызаніў, але не забываўся на сям’ю Сіліных. Пачуе, што ў бок сяла рухаюцца карнікі, ускаквае на каня і імчыцца ў вёску, каб папярэдзіць.
Нечаканая сустрэча

У чэрвені 1944 года пасля злучэння партызанскіх атрадаў з часцямі Чырвонай Арміі многія партызаны скіраваліся на захад. Моця Сахрай застаўся ў Магілёве. Дапамагаў узнімаць горад з руін. Працаваў у цырульні Магілёўскага чыгуначнага вакзала. Аднойчы на яе парозе з’явіўся… Іван Сілін. Гэта было настолькі нечакана, што Моця застыў на хвіліну з брытвай у руцэ. Пасля вайны ён спрабаваў высветліць лёс Сіліных, але атрымліваў супрацьлеглыя звесткі. І вось Іван сам яго адшукаў. Абняліся, як родныя браты. Іван перадаў Моцю ручнік, сказаў, што калі маці памірала, даручыла Івану знайсці Сахрая і аддаць падарунак, “каб Бог яго захоўваў”.
Доўгае сяброўства

Доўгі час сям’я Сахрая падтрымлівала шчыльныя стасункі з сям’ёй Сіліных. Час быў цяжкі, галодны. Вёска жыла натуральнай гаспадаркай. Любую дапамогу з горада сяляне ўспрымалі з удзячнасцю. Моця з жонкай дапамагаў як мог. Бывала, што з вёскі прыязджала па пяць — сем чалавек. У магілёўскай двухпакаёўцы Сахраяў прымалі ўсіх, кармілі і ва ўсім дапамагалі. Праз час да Сахрая прыязджалі ўжо дзеці Івана Сіліна Коля ды Пеця. Прымалі іх дзеці Сахрая — Гена і Грыша.

У 1990 годзе сям’я Рыгора Сахрая пераехала ў Ізраіль. Рыгор паклапаціўся, каб званне “Праведнікі народаў свету” атрымала сям’я Сіліных з беларускай лясной вёсачкі Закупленне.
З успамінаў Генадзя Сахрая:

“У жніўні 2011 года я прыехаў з Ізраіля ў Закупленне з надзеяй знайсці сведкаў тых далёкіх падзей, пра якія мне распавядаў бацька. У вёсцы знайшоў Віктара Мазіна. Ён хоць і нарадзіўся пасля вайны, але многае ведаў пра майго бацьку. Я прызнаўся, што сын таго Моціка Сахрая. Абдымкам не было канца. Аказваецца, гісторыя пра выратаванне чалавека перадаецца з пакалення ў пакаленне. Сустрэўся я і з сынам старасты Іванам Жалязняком, з нявесткай Івана Сіліна…

Мы, нашчадкі тых, хто са зброяй у руках абараняў Беларусь, ніколі не забудзем людзей з чыстым сумленнем і адкрытым добрым сэрцам, якія ў час фашысцкай навалы працягнулі рукі дапамогі і выратавалі чужыя жыцці”.

Наталля ХРАМЯНКОВА,
дырэктар Клічаўскага
краязнаўчага музея

983