Вуліцы горада. Частка 2. Вуліца Міцкевіча.

Сучасная вуліца Міцкевіча да вайны называлася Слонімскай. Тады ж у горадзе была і вуліца, названая ў гонар Адама Міцкевіча. Яна знаходзілася непадалёку ад дома, у якім жыў знакаміты паэт. На месцы гэтай вуліцы зараз знаходзіцца сквер з помнікам загінуўшым воінам. Да вайны тут быў яўрэйскі квартал. Вуліца была вельмі кароткай. Яна пачыналася ад Рынкавай плошчы і ішла да перакрыжавання сучасных вуліц Мінскай і Свярдлова. Была забудавана аднапавярховымі дамамі, у якіх знаходзіліся невялікія крамы па продажы тавараў. Разам з астатняй забудовай квартала, вуліца была разбурана падчас бамбёжкі горада ў чэрвені 1941 года, адна з бомбаў пашкодзіла і дом-музей паэта.
У пасляваенны час на гэтым месцы пасадзілі гарадскі сквер, а ў хуткім часе, да гадавіны смерці паэта, было прынята рашэнне аб аднаўленні будынка музея і перайменаванні вуліцы Слонімскай у вуліцу імя Адама Міцкевіча.

Вуліца Міцкевіча з’яўляецца галоўнай вуліцай горада. На ёй знаходзяцца самыя значныя для горада ўстановы: адміністрыцыйныя, адукацыйныя, фінасавыя, культурна-асветніцкія, два асноўныя прамысловыя прадпрыемствы горада, будаўнічыя арганізацыі, гандлёва-забаўляльны цэнтр і яшчэ шмат розных аб’ектаў гарадской інфраструктуры.

Вуліца пачынаецца ад касцёла св. Міхаіла, і ідзе ў напрамку “ваеннага гарадка”. Уздоўж вуліцы чаргуюцца будынкі 1920-1930-х гадоў з пяціпавярховымі жылымі дамамі сярэдзіны мінулага стагоддзя і сучаснымі гарадскімі пабудовамі.

На вуліцы Міцкевіча захавалася шмат будынкаў, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры. Гэта ваяводская ўправа, дом ваяводы, тэатр, кінатэатр, чыгуначны вакзал. Зараз у іх размешчаны розныя ўстановы і арганізацыі горада. Сярод сучаснай гарадской забудовы сустракаецца некалькі аднапавярховых драўляных домікаў з калонамі, якія будаваліся яшчэ “за польскім часам” для гарадскіх чыноўнікаў.
Акрамя архітэктурных аб’ектаў, на вуліцы ёсць некалькі помнікаў, сярод якіх бюст Якубу Коласу, устаноўлены ў знак павагі да народнага паэта, які неаднаразова выбіраўся дэпутатам ад Навагрудскай выбарчай акругі. Каля будынка райвыканкама знаходзіцца помнік, прысвечаны 500-годдзю атрымання Навагрудкам Магдэбургскага права. Некалькі гадоў таму на вуліцы Міцкевіча, амаль у самым цэнтры горада быў створаны музей міні-макетаў пад адкрытым небам “Страчаная спадчына”, які прываблівае да сябе не толькі мясцовых жыхароў, але і шматлікіх турыстаў.

1039