Гісторыя архітэктурных помнікаў Навагрудчыны. Частка 3. Роўна 515 гадоў назад (30 ліпеня 1505 года) адбылася беспаспяховая аблога Наваградскага замка войскамі татарскага хана Біці-Гірэя

Роўна 515 гадоў назад (30 ліпеня 1505 года) адбылася беспаспяховая аблога Наваградскага замка войскамі татарскага хана Біці-Гірэя і турэцкімі янычарамі. Але замак вытрымаў аблогу татарскай арды. Абаронай Наваградскага замка кіравалі ваявода Альбрэхт Гаштольд і гараднічы Маскевіч. У наступным годзе (1506) зноў была спроба ўзяць замак перакопскімі татарамі. Але і яна правалілася. Гэтаму паспрыяла перабудова замка ў канцы 15 - пачатку 16 стст., якія былі выкліканыя нападамі крымскіх татар на беларускія землі.

Дарэчы, пасля 1505 і 1506 гадоў замак зноў быў умацаваны: пабудавалі вежу Дазорцу, якая звязвалася новым праслам са Шчытоўкай. Таксама была ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Такім чынам, утварыліся два мураваныя паясы абароны - адзін на дзядзінцы, другі - на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку гораду. Так, у 16 стагоддзі Наваградскі замак ужо меў 7 мураваных вежаў і быў адным з самых магутных замкаў на Беларусі.

Калі ж казаць у цэлым, Наваградскі замак - гэта 100-адсаткова ўнікальны помнік дойлідства сваёй эпохі. Замак прайшоў шлях ад звычайнай агароджы-вастракола да магутнага шматвежавага замка. Ён складаецца з дзвюх пляцовак: дзядзінец (Замкавая гара) з рэшткамі мураванага замка і вакольны горад (Малы замак). А як было сказана вышэй, напачатку замак увогуле быў драўляны. І па словах навукоўцаў, драўляныя сцены ўзнаўляліся не менш як пяць разоў. Замак займеў сваю першую мураваную вежу Шчытоўку ў 14 ст. І трэба сказаць, што моц і непрыступнасць Наваградскага замка ў канцы 13 і ў 14 стагоддзях пацвярджаюцца тым, што ворагам ні разу не ўдалося яго захапіць. Так, напрыклад, штурм Наваградка ў 1274 годзе валынскімі і татарскімі войскамі пацярпеў няўдачу, а ў 1314 годзе нават сам магістр Генрык фон Плоцке са сваім войскам не змаглі ўзяць Наваградскі замак.

Да 17 стагоддзя замак не ведаў разбурэнняў і захопаў. А вось даведацца поўную гісторыю Наваградскага замка і тое, што здарылася з замкам пачынаючы з сярэдзіны 17 стагоддзя і да нашых дзён, Вы можаце ў нашым музеі ці завітаўшы да нас у Наваградак на пешыя экскурсіі па гораду.

960