“На адным полі ваяры”


 Выставка «На адным полі ваяры». Национальный исторический музей Республики Беларусь. г. Минск, 2018 г.

З 5 красавіка 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь пачынае сваю работу сумесная выстава скульптара Сяргея Аганава і мастака-графіка Ігара Гардзіёнка “На адным полі ваяры”. Экспазіцыя ўключае больш за 30 твораў. Куратар выставы – Наталля Станкевіч.

Аганаў Сяргей Львовіч скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «скульптура». Удзельнічае ў мастацкіх выставах з 2001 г., сябра грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” з 2005 г. Працуе ў галіне станкавай і манументальнай скульптуры. Сярод творчых дасягненняў помнік па-геройску загінуламу курсанту Дзмітрыю Гвішыяні (Мінск, 2004), брама ў храме-помніку Усіх Святых (сумесна з Андрэем Хацяноўскім, Мінск, 2013 – 2017, мемарыяльная дошка Янку Купалу (сумесна з В. Нячай, Вільнюс, Літва, 2013), скульптурная кампазіцыя “Войт”, прысвечаная атрыманню Мінскам Магдэбурскага права (Мінск, 2014), помнік княжне Анастасіі Слуцкай (Слуцк, 2016), помнік Давыду Гарадзенскаму (Гродна, 2017), перамога ў конкурсе на помнік “Гедымін – заснавальнік Лідскага замка” (сумесна з В. Нячай, Ліда, 2018).

Гардзіёнак Ігар Леанідавіч скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «графіка». Удзельнік мастацкіх выстаў з 1992 г., сябра грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” з 1997 г. Працуе ў станкавай і кніжнай графіцы, жывапісе, дызайне. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў працуе з 2004 г., дзе выкладае акадэмічны малюнак і акадэмічны жывапіс. У 2011 – 2017 гг. загадчык кафедры малюнка, жывапісу, скульптуры, дацэнт кафедры малюнка. Сярод творчых прац у кніжнай графіцы вылучаюцца трыпціх “Шлях на Грунвальд” (2010), “Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі” (выдавец Татарнікава С. Ю., Мінск, 2012), У. Мазго “Адвечныя скарбы Радзімы” (выдавецкі дом “Звязда”, Мінск, 2013), М. Мятліцкі “Скарб бяздонны. Легенды і паданні” (выдавецкі дом “Звязда”, Мінск, 2016).

Выстава “На адным полі ваяры” – пра агульную спадчыну, з якой мастак і скульптар не толькі чэрпаюць натхненне як з першакрыніцы, але і пакідаюць у ёй свой унёсак у выглядзе новых сэнсаў. Мастакі прысвячаюць выставу спадзяванню на ўмацаванне саюза двух прафесійных цэхаў: мастакоў і даследчыкаў гісторыі. Яны ўносяць новы сэнс у культурную свядомасць: не двубой, але унія Вобраза і Факта, не адасабленне, а супрацоўніцтва мастацтва і навукі на адным гістарычным полі – “бо мы на адным полі ваяры”.


Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь
Мінск, вул. К.Маркса, 12
Штодня з 11.00 да 19.00
Тэл.: 327-43-22
histmuseum.by

163