Конкурс юных экскурсаводаў

19 сакавіка 2011 года на базе Краязнаўчага музея, філіяла НПГКМЗ, адбыўся адборачны этап ІІ абласнога конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі. Конкурс, які праводзіцца ў сувязі з набліжэннем 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны, прызваны садзейнічаць патрыятычнаму выхаванню моладзі і актывізацыі дзейнасці школьных музеяў Віцебшчыны. Юныя экскурсаводы рыхтавалі віртуальныя экскурсіі па сваіх музеях, распрацоўвалі на аснове 7 прадметаў з музея інтэрактыўныя экскурсіі «Музей у чамадане», рыхтаваліся да гульні «Краязнаўчая мішэнь».
За выхад у фінал змагаліся навучэнцы сярэдніх школ № 1, 3, 15 і ПДГ № 1. Кожны ўдзельнік на чале з настаўнікам гісторыі падрыхтаваў выступленне, у якім асвяціў падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Полаччыне, пазнаёміў з адлюстраваннем гэтай тэмы ў экспазіцыі музея сваёй школы. Аповеды ўдзельнікаў конкурсу абапіраліся на экспанаты з чамадана або заплечніка экскурсавода адпаведна творчай задуме музейнага актыву. Незабыўным момантам сталі дэкламацыі вершаў і песні ваеннай тэматыкі, якія былі абавязковым пунктам выступленняў. Усе ўдзельнікі конкурсу былі адзначаны памятнымі падарункамі ад арганізатараў мерапрыемства. А пераможцам адборачнага этапа – экскурсаводам з сш № 1 – журы пажадала далейшых поспехаў у Віцебску і Оршы.

1754