Выстаўка графікі Рамана Сустава і жывапісу Уладзіміра Клімушкі

З 30 сакавіка 2012 года ў Мастацкай галерэі НПГКМЗ распачала сваю работу выстаўка «DUO». Гэты праект прэзентуе творчыя работы двух вядомых беларускіх мастакоў з інтэрнацыянальнай рэпутацыяй – жывапісца Уладзіміра Клімушка і графіка Рамана Сустава.
Раман Сустаў ? знакаміты беларускі графік. Як адзначае Алег Судлянкоў, «мастак шмат і плённа працуе ў тэхніцы афорта, ствараючы экслібрысы, якія карыстаюцца вялікай увагай з боку калекцыянераў і аматараў гэтага віду мастацтва. Часам мастак сумяшчае розныя віды тэхнікі: траўлены штрых, акватынта, сухая іголка і мецца-тынта. Усё гэта надае адбіткам багацце каларыту і тону. На працягу шэрагу гадоў мастак не расстаецца з выяўленчымі кампазіцыямі на зададзеныя гістарычныя і міфалагічныя сюжэты, якія паступова збіраюцца ў тонкую класічна вывераную серыю. Ён працуе ўпэўнена, лёгка распараджаючыся прасторай афортнай дошкі. Вострае адчуванне лініі, рытму дакладна праступае ў яго лістах. Раман Сустаў не імкнецца эпаціраваць гледача нестандартнымі формамі дошак, зацяжкамі пры друку і іншымі хітрыкамі, ён проста паказвае свет сваіх іскрыстых твораў такім, якім ён яму ўяўляецца. Аўтар ставіць для сябе найцяжэйшыя задачы, абмяжоўваючыся для складання вобразу толькі адной тэхнікай траўленага штрыха, і паказвае бясконцае багацце разнастайных тыпаў гравіроўкі. У гэтым бачна захаванне і прымнажэнне велізарнага вопыту гісторыі класічнай гравюры».
Уладзімір Клімушка ўпершыню звярнуў на сябе ўвагу на выстаўках сучаснымі пошукамі і сёння, па словах Алесі Белявец, «творчы шлях мастака пралягае ў напрамку новым і нечаканым – яго жывапіс інтуітыўны і дакладны. Лёгкасць і важкасць фарбы, логіка колеравых плям, уведзеных у геаметрычна акрэсленую структуру, - усё гэта стварае тонкую раўнавагу паміж пачуццем і ідэяй, паміж матэрыяльнасцю рэчы і яе ідэальным правобразам. Апошнім часам у творах мастака з'яўляецца золата, яно адрывае ад фону «выбраныя прадметы, падкрэсліваючы такім чынам умоўнасць і шматпланавасць палатна».
«DUO» - тандэм, пабудаваны на ўзаемаўздзеянні выкшталцонай графікі Рамана Сустава і брутальнага жывапісу Уладзіміра Клімушкі. У экспазіцыі Мастацкай галерэі творы двух такіх розных мастакоў дапаўняюць і ўраўнаважваюць адно аднаго, ствараючы ўражанне цэльнай і гарманічнай прасторы.
Выстаўка працягне сваю работу да 6 траўня.
889