Выстаўка «Свет дзяцінства» у рускім жывапісе XIX – пачатку XX стагоддзя са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

31 сакавіка ў Мастацкай галерэі адкрылася выстаўка «Свет дзяцінства» са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У экспазіцыі прадстаўлены 27 палотнаў В. Пярова, В. Трапініна, І. Крамскога, У.  Макоўскага і іншых выдатных рускіх жывапісцаў XIX – пачатку XX стагоддзя, на якіх адлюстраваны чуллівыя дзіцячыя вобразы мінулых часоў.

Першыя выявы дзяцей у рускай культуры з'явіліся яшчэ ў эпоху сярэднявечча (у рамках рэлігійнага жывапісу). Дастаткова развітым быў дзіцячы партрэт у свецкім мастацтве XVIII стагоддзя. Аднак сапраўднае адкрыццё асобы дзіцяці, асаблівасцей яго псіхалогіі адбылося ў рускай культуры толькі ў першай палове ХІХ стагоддзя, у эпоху рамантызму. Менавіта тады дзяцінства стала ўспрымацца як лепшая пара ў жыцці чалавека, выдатная ўверцюра, якая канцэнтруе ў сабе максімум магчымасцяў.

Мастакі, якія працавалі ў гэты час у жанры дзіцячага партрэту, імкнуліся да натуральнасці і разняволення ў трактоўцы вобразаў, з задавальненнем падкрэслівалі «дзіцячасць» у абліччы і паводзінах сваіх герояў (В.  Трапінін «Партрэт хлопчыка»,  1820-я; Ц.  Неф «Партрэт хлопчыка»,  1850-я). У гэты ж час, калі ў рускім грамадстве канчаткова склаўся культ сям'і і сямейных дабрачыннасцей, асабліва запатрабаваным у мастацтве стаў вобраз маці ў асяроддзі дзяцей (невядомы мастак сярэдзіны ХІХ стагоддзя «Сялянка  з  дзецьмі»,  1850-я). Творы першай паловы ХІХ стагоддзя прыцягваюць гледача цеплынёй і лірызмам, сентыментальным прачытваннем тэмы дзяцінства. Мастакі таго часу бачылі рэчаіснасць ідалізавана і адыходзілі ад адлюстравання яе праблемных бакоў.

Сітуацыя карэнным чынам змянілася ў другой палове ХІХ стагоддзя, калі ў рускім мастацтве зацвердзіўся рэалізм. Пад уплывам дэмакратычных тэндэнцый дзіцячая тэма ў мастацтве набыла сацыяльную афарбоўку. У жывапісе мастакоў 60 – 80-х гадоў, якія зрушылі акцэнт у тэме партрэтнага жанру на бытавы, галоўнымі героямі сталі дзеці з самых бедных саслоўяў (У.  Максімаў «Гульня  дзяцей  у  дарослых»,  1874; У.  Макоўскі «Спатканне»,  1882; К.  Лемах «Гульня  ў  хованкі»,  1879; «Сялянскія дзеці ў барскім доме» і інш.). Узнаўляючы самыя розныя жыццёвыя сітуацыі, мастакі-дэмакраты часта выкарыстоўвалі дзіцячы вобраз для ўзмацнення выкрывальніцкай сілы сваіх твораў (В.  Пяроў «Гора  вандроўнага  катрыншчыка»,  1869; невядомы мастак сярэдзіны ХІХ стагоддзя «Сірата» і інш.). Многія карціны эпохі рэалізму распавядалі пра горкае жыццё дзіцяці, вымушанага змагацца за сваё існаванне.

«Строгі», па словах Івана Крамскога, час адбіўся і ў партрэтных вобразах. Творы І.  Крамскога («Партрэт  хлопчыка»,  1878), А.  Ланскога («Партрэт  дзяўчынкі»,  1875) прадстаўлялі не па гадах засяроджаных дзяцей. Іх удумлівасць і сур'ёзнасць выклікаюць у гледача не проста пачуццё натуральнай сімпатыі, але і глыбокую павагу да асобы.

Іншы погляд на дзіця давалі творы салоннага мастацтва. Прытрымліваючыся канонаў позняга акадэмізму, Аляксей Харламаў у творы «Дзяўчынка  з  лялькай» (1891) не імкнуўся паглыбіцца ў дзіцячую псіхалогію, не засяроджваўся на партрэтнай характарыстыцы. Мастак, перш за ўсё, падкрэсліваў узроставую прывабнасць сваёй гераіні.

Магчымасць супрацьпастаўлення розных пунктаў гледжання на асобу дзіцяці і тэму дзяцінства – галоўная вартасць выстаўкі «Свет дзяцінства» з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якая працягнецца да 6 чэрвеня.

907