«Упішы сябе ў гісторыю Полацка»


Як і ў мінулыя гады, напярэдадні Міжнароднага дня музеяў, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік працягвае акцыю «Упішы сябе ў гісторыю Полацка».

У гэтым годзе наш горад святкуе 1150-годдзе першага згадвання пра Полацк у летапісе. Ноч у Музеі, якая пройдзе 18 мая, таксама прысвечана гэтай падзеі.

«Полацк ±50» – дэвіз Ночы ў Музеі і акцыі «Упішы сябе ў гісторыю Полацка”. Чым жыў наш горад і палачане ў 60-я гады? Якія песні спявалі? Якія фільмы глядзелі? Якую музыку слухалі? Якія танцы танцавалі? Якія прадметы іх акружалі?

Прадметы з мінулага... Калісьці яны былі сімваламі сваёй эпохі, запаўнялі штодзённае жыццё людзей.

Фікус і герань, невялікі тканы дыванок з выявай аленяў на сцяне, усмешка Гагарына на каляровай паштоўцы, вязаныя карункавыя сурвэткі, графін і гранёныя шклянкі, чыгунныя патэльні і ацынкаваныя начоўкі, тэлефон з дыскам на сцяне - адзін на ўсіх...

Нікеляваны ложак, шафа і буфет, круглы стол, шкляныя фужэры, чаркі, вазачкі. Сваё месца займалі слонікі і белы конь з залатой грывай, настольныя гадзіннікі ў выглядзе паўсферы, вакол якой апісваў дугу спадарожнік, і ручка ў форме ракеты…

Для аднаўлення атмасферы 60-х гадоў ХХ стагоддзя ў існуючых і будучых музейных экспазіцыях усе музеі запаведніка прымаюць у дар ад сем’яў, асобных жыхароў, устаноў і арганізацый прадметы, сямейныя рэліквіі, якія звязаны з гісторыяй, культурай і традыцыямі Полацкага краю таго часу.

Мы бясконца ўдзячны ўсім тым, хто адгукнецца на наш заклік і зробіць свой асабісты ўклад у летапіс горада. «Стол дарыцеля» чакае Вас з 2 па 18 мая ў кожным музеі запаведніка.

18 мая Вас чакае святочная праграма і шмат сюрпрызаў. Падчас свята ўдзельнікам акцыі будуць уручаны імянныя пасведчанні, якія даюць права бясплатнага наведвання ўсіх музеяў запаведніка на працягу года, а іх імёны будуць запісаны ў Ганаровай кнізе Дарыцеляў.

Тэлефоны для даведак: 42-02-84, 42-45-58, 42-57-25, 42-53-40

838