"Інструмент народны, і вясёлы, і журботны..."

Музыка суправаджае нас паўсюль і заўсёды. Пра музыку можна сказаць, што яна і навука, і казка. У ёй столькі загадкавага і цудадзейнага, што, часам, невядома, як да яе адносіцца і як пра яе гаварыць: ці гэта навуковая казка, ці гэта казачная гісторыя.

Беларусы – заўзятыя аматары музыкі, без яе не абыходзіцца ніводнае свята, ні адно гулянне. Вельмі шмат здольных музыкантаў, якія могуць рабіць сваімі рукамі цікавыя музычныя інструменты з добрым гучаннем. І так вялося спрадвеку.

Немагчыма багатую і цікавую музычную культуру нашага народа распавесці некалькімі радкамі, таму, каб бліжэй дакрануцца да музычнай гісторыі нашага краю, запрашаем на выставу беларускіх народных музычных інструментаў “ Інструмент народны, і вясёлы, і журботны...”, дзе вы зможаце не толькі пазнаёміцца з разнастайнымі музычнымі інструментамі Беларусі, але і самі паспрабуеце сыграць на іх, адчуць сябе сапраўдным музыкамі.

Кожны, хто завітае 18 мая ў 19:30 да нас, патрапіць і на дударскую вечарыну «Зайграй, зайграй, дудар!». Пачуўшы моцныя непаўторныя гукі беларускай дуды, ногі самі пойдуць у скокі, таму не марнуйце дарма час, а далучайцеся!

З 19.00 да 21.00 на тэрыторыі музея будзе працаваць кірмаш народных майстроў!

Разумнікам і разумніцам прапануем паўдзельнічаць у музычнай віктарыне і адказаць на пытанні:

  1. Як называецца музычны інструмент, які ў італьянскай мове значыць “гусяня”? І чаму ў ім менавіта 10 адтулінаў?
  2. У 1822 годзе ў Германіі нарадзіўся музычны інструмент, які атрымаў назву ад грэчаскага слова, што значыць “сугучны”, “зладжаны”. У Вене такі музычны інструмент называюць “венка”, у Расіі – “петраградка”, “хромка”. Ёсць ручны і нажны. А яшчэ існуе такі, які звязаны з часткай цела чалавека. Што гэта за інструмент?
  3. Які інструмент, па сведчаннях музыкаў, болей за ўсё выяўляе душу беларуса?
  4. Як называецца першы зборнік Янкі Купалы, выдадзены ў пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца»?
  5. Музычны інструмент з саломы, назва якога паходзіць ад дзеяслова “пішчаць”.
  6. У кнігах якога вядомага дзеяча Беларусі эпохі Адраджэння ўпершыню ўзгадваюцца цымбалы?
  7. Violino, violon, Geige – гэта італьянская, французская і нямецкая назва аднаго і таго ж музычнага інструмента. Што гэта за музычны інструмент?
  8. Які музычны інструмент стаў эмблемай пошты?
  9. Размясціце інструменты ў залежнасці ад часу іх з’яўлення і шырокага распаўсюджання на Беларусі, ад найбольш “старога” – да “маладога”: гітара, дуда, гармонік, ліра.
  10. На думку беларускіх этнографаў, у старажытнасці на беларускіх землях да язычніцкіх абрадаў меў дачыненне: гусляр, дудар, бубнач ці гарманіст?

Адказы прымаем па 17 мая да 20.00 уключна.
Пішыце нам: е-mail: tkach.polotsk@museum.by
У лісце пазначце: імя, прозвішча, тэлефон для сувязі.
Пераможцаў 18 мая на вечарыне “Зайграй, зайграй, дудар” чакаюць прыемныя падарункі ад музея!

777