“Без музыкі, без дуды ходзяць ножкі не туды”

Адным з самых старажытных народных інструментаў на Беларусі з’яўляецца дуда. Амаль да канца XIX ст. яна была вельмі папулярнай на Віцебшчыне. Дуда выкарыстоўвалася ў абрадах, звязаных з асноўнымі момантамі жыцця чалавека: на хрэсьбінах, на вяселлі. Дуда-“весялуха” падыгрывала танцам. І таму, не выпадкова, 18 мая Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я запрасіў жыхароў і гасцей горада на вечарыну “Зайграй, зайграй, дудар!”.

Першымі, хто далучыліся да “Музейнага Музычнага Марафону” і вечарыны ў музеі, былі маладыя Таццяна і Аляксандр, якія свой першы сумесны дзень адзначылі вясельным абрадам “Як зліліся дзве рэчанькі...”. Гэты абрад стаў сімвалічным, бо на вечарыне прысутнічала шмат тых маладых пар, якія сваё жыццё пачалі менавіта з нашага музея, з захавання традыцый нашых продкаў. У гэты дзень яны прыходзілі з дзецьмі, каб і яны змаглі з маленства дакрануцца да культуры беларускага народа, да яго духоўных каштоўнасцяў.

Чароўная музыка дуды ў выкананні дудара з Мінска Ігара Расолька і спевы фальклорнага гурта “Варган” нікога не пакінулі абыякавымі. “Без музыкі, без дуды ходзяць ножкі не туды” – і сапраўды, на вечарыне не абышлося без танцаў!

У гэты дзень пачала працаваць выстаўка “Інструмент народны, і вясёлы, і журботны...”. Выстаўка атрымалася інтэрактыўнай. Кожны жадаючы не толькі патрапіў у незвычайную краіну беларускіх народных інструментаў, але і адчуў сябе сапраўдным музыкам.

Для гасцей працаваў святочны кірмаш, дзе кожны жадаючы змог набыць для сябе непаўторныя вырабы майстроў клубаў “Роднасць” і “Рошва” Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур.

825