Нашы юбіляры. Букаў Навум Іванавіч, генерал-маёр танкавых войскаў

 ГЕНЕРАЛ ТАНКАВЫХ ВОЙСК

альбо Якім ён чалавекам быў.

        (да 110-годдзя з дня нараджэння генерала Навума Іванавіча Букава)

   Скупыя звесткі Хронікі Вялікай Айчыннай вайны, якія мне ўдалося знайсці ў Інтэрнэце, мала што сказалі мне пра юбіляра-земляка Навума Іванавіча Букава. Мяркуйце самі:

Биография



Крыху больш можна даведацца з раённай кнігі Памяць.


БУКАЎ Навум Іванавіч, нарадзіўся 3.7.1903 г.у в. Сыманчыцы Уздзенскага раёна.

Закончыў ваенную школу. Служыў у Беларусі. У Вялікую Айчынную з першых дзён на фронце: выходзіў з акружэння, ваяваў пад Тулай, Масквой, быў цяжка паранены.

Быў камандзірам танкавай брыгады ў складзе 3-га Беларускага фронту, якая атрымала званне Аршанскай і была ўзнагароджана ордэнам Кутузава.

Званне генерал-маёра атрымаў у ліпені 1945 г. Памёр 15.6.1972 г.


Яшчэ большае ўяўленне пра асобу нашага славутага земляка даюць матэрыялы з фондаў нашага музея: газеты ваеннай пары, віншавальныя паштоўкі, фотаздымкі…




Не сказаць каб шмат было тых далёкіх ужо сведак гераічнага лёсу, але ўсё ж вымалёўваецца характар неардынарны і прыцягальны. 

Перада мною ліст жонкі Івана Навумавіча першаму дырэктару Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Анатолю Мікалаевічу Папко, датаваны 1984 годам, які дае ўяўленне пра Навума Іванавіча як пра чалавека з загартаваным з дзяцінства характарам.

Яшчэ б, рана страціўшы бацьку (той памёр у маладым узросце), хлопец страціў і маці, якая выйшла другі раз замуж і з’ехала жыць з новым мужам у Мінск, пакінуўшы дзяцей (сына і дачку) на дзеда з бабуляю ў
вёсцы.

У шаснаццацігадовым  узросце пасля смерці бабулі  юнак пехам дабраўся ў Мінск да маці. Ён прагнуў вучыцца і дамогся свайго: паступіў у ваенную школу, якая знаходзілася на плошчы Свабоды ў Мінску.

Многа гадоў служыў у Беларусі. Вайна заспела яго ў Пухавічах.

Адступаў разам з іншымі байцамі Савецкай Арміі, выйшаў з акружэння і атрымаў пад камандаванне полк. Яго ваенная біяграфія насычана безліччу грунтоўных перамог, якія сведчылі пра яго безумоўны талент ваеннага палкаводца.

Неаднойчы быў паранены і нават на кастылях рваўся на фронт. 

Нельга не працыціраваць урывак з пісьма жонкі героя: "Буков  был очень скромным человеком. Ему было чуждо самовосхваление. Он фотографировался без орденов и всегда считал, что всё, что сделано им, обычное дело. По - другому и быть не могло».

Менавіта таму вельмі мала было фотаздымкаў ваеннай пары. Тым больш каштоўная памяць пра такога сціплага героя.

Мы звяртаемся да ўсіх, хто хоць чым можа ўзбагаціць нашы веды і матэрыялы пра земляка-героя, даслаць у Уздзенскі музей свае набыткі. Недзе ж жывуць унукі і праўнукі Навума Іванавіча і асаблівая надзея менавіта на іх.

Чакаем вашы водгукі.


Зоя Калкоўская,

старшы навуковы супрацоўнік Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея. uzda-musei@tut.by альбо istoknemana@list.ru (Васіль Генадзьевіч)


ИСТОЧНИК

944