Выстаўка «Лепшыя сярод лепшых»


У Музеі беларускага кнігадрукавання пачала працаваць выстаўка «Лепшыя сярод лепшых». На ёй прадстаўлены беларускія выданні, якія сталі лаўрэатамі міжнародных конкурсаў краін-удзельніц СНД.
Конкурс існуе з 2004 г., і з самага пачатку ў ім прымае ўдзел Рэспубліка Беларусь. Прычым адразу ж беларускія выдаўцы атрымалі найбольшую колькасць дыпломаў – 14.
Не менш паспяховымі былі і наступныя гады. Не раз нашы кнігі атрымлівалі не толькі дыпломы І-й, ІІ-й і ІІІ-й ступеняў (а таксама спецыяльныя дыпломы), але і Гран-пры конкурсу. Вышэйшую ўзнагароду конкурсу ў розныя гады заслужылі такія выданні, як «Чарнобыль», «Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны», «Земля силы. Беловежская пуща», «Радзивиллы. Альбом портретов ХVIII-XIX веков» і «Дмитрий Струков. Альбом рисунков 1864-1867» (абодва выданні з серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў»), «Полацк. 1150».
Варта адзначыць, што кнігавыдаўцы Рэспублікі Беларусь традыцыйна надаюць вялікае значэнне афармленню кнігі, яе мастацкай структуры і вобразнасці, а таксама якасці паліграфічнага выканання. Таму нічога дзіўнага, што па колькасці атрыманых узнагарод яны з'яўляюцца нязменнымі лідарамі кніжнага мастацтва на постсавецкай прасторы.
Музей беларускага кнігадрукавання, дзякуючы Міністэрству інфармацыі Рэспублікі Беларусь, валодае калекцыяй не толькі выданняў-лаўрэатаў нацыянальных конкурсаў (выставы такіх кніг з'яўляюцца для музея традыцыйнымі), але таксама мае ў сваіх фондах выданні, якія з'яўляюцца лаўрэатамі міжнародных кніжных конкурсаў СНД. Менавіта гэтую ўжо даволі значную калекцыю мы і прадстаўляем наведвальнікам.

232