Адкрыццё выставы мастака Фёдара Ястраба "Абяцанне сноў"

Шостага лютага ў музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстаўка жывапісу мастака Фёдара Ястраба. Таленавіты мастак пайшоў з жыцця ў 2014 годзе, але пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну. Напрыканцы мінулага года гэтую выстаўку ўрачыста адкрывалі ў Нацыянальнай бібліятэцыБеларусі. Дзякуючы намаганням супрацоўнікам Браслаўскага аб’яднання музеяў родныя мастака прывезлі яе ў Браслаў. Сімвалічна, што браслаўская прэзентацыя супала з днём нараджэння творцы.

Фёдар Ястраб родам з Віцебшчыны. Нарадзіўся ў вёсцы Станіслаўцы Глыбоцкага раёна (цяпер Докшыцкі). Маляваць пачаў з дзяцінства і адразу было зразумела, што ў яго мастацкі талент. Карціны Ф. Ястраба цяпер захоўваюцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі г. Сочы, Мастацкай галерэі г. Унеча (Расія), Нацыянальным музеі гісторыі і культуры, Музеі сучаснага мастацтва (Беларусь), галерэях “Ціссо” (Францыя) і “Кляй-Груве” (Бельгія), прыватных замежных калекцыях і культурных цэнтрах.

Карціны сябра Беларускага саюза мастакоў, Міжнароднай гільдыі жывапісцаў, мастака, галерыста, паэта, аўтара і прадзюсера звыш 80 міжнародных праектаў, удзельніка больш чым 120 нацыянальных і замежных выставак прывезлі ў Браслаў яго жонка Арына і сын Віктар. Дзякуючы ім у браслаўчан з’явілася ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з творчасцю гэтага таленавітага чалавека. У яго карціны трэба ўглядацца, удумвацца і тады атрымаецца ўбачыць задуму аўтара. Яны вельмі яркія, экспрэсіўныя, неардынарныя.

— Мне вельмі прыемна сёння знаходзіцца ў вашым акружэнні, адчуваць вашу цікавасць да Фёдара, — адзначыла падчас адкрыцця выстаўкі Арына Ястраб. — У апошнія гады жыцця Фёдар пачаў пісаць санеты пра Радзіму, каханне, роздумы на розныя тэмы. За 2 гады іх было напісана амаль дзве тысячы. Так праявілася яшчэ адна грань яго творчасці. І вось нядаўна быў надрукаваны першы том санетаў “Абяцанне сноў”, рыхтуецца яшчэ чатыры.

Пачуць санеты Фёдара Ястраба наведвальнікі мерапрыемства змаглі ў выкананні гімназістаў, якія пранізліва і трапятліва вымаўлялі кожны радок, а музычна выстаўку абрамілі выкладчыкі Дзіцячай школы мастацтваў Альберт Бялусь і Таццяна Саковіч.

На прэзентацыі прысутнічалі начальнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі Браслаўскага і Глыбоцкага райвыканкамаў Антаніна Абалевіч і Таццяна Тарасевіч, сябры Віцебскай суполкі саюза мастакоў, госці з суседніх раёнаў.

Выстава работ мастака будзе дэманстравацца да 30 сакавіка, пасля, магчыма, адправіцца ў суседнія раёны, і на “Славянскі базар” у Віцебск. Скарыстайцеся гэтай магчымасцю і акуніцеся ў шматгранны свет мастака Фёдара Ястраба.

Алена Набеева. "Браслаўская звязда"

480