Міжнародная выстава «ULTIMA RATIO REGUM. Беларусь ў Паўночных войнах сярэдзіны XVII – пачатку XVIII ст.»


 Міжнародная выстава «ULTIMA RATIO REGUM. Беларусь ў Паўночных войнах сярэдзіны XVII – пачатку XVIII ст.».  Музей „Замковый комплекс „Мир“. г. Мир, 2017г.


21 красавіка ў 17.00 у Мірскім замку адбудзецца адкрыццё міжнароднай выставы “Ultima ratio regum. Беларусь ў Паўночных войнах сярэдзіны XVII – пачатку XVIII ст.”

Адна з галоўных задач сумеснага міжнароднага праекта музея “Замкавы комплекс “Мір” і трох буйных музеяў (Беларусі – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Літвы – Рэгіянальны музей Біржайскага края “Сэла”, Швецыі – Музей Арміі) – распавесці шырокай беларускай аўдыторыі не толькі класічную гісторыю Паўночных войнаў, а перадусім гісторыю людзей, грамадстваў, тагачасных супольнасцяў, дзяржаў, ваенных інстытутаў, ваеннай культуры і тэхналогій, іх цесную ўзаемасувязь і ўзаемаўплыў.
Работа над маштабнай выставай доўжылася два гады. Немалую ролю ў увасабленні ідэі праекта ў рэальнасць сыграў міжнародны праект MOST і Інстытут імя Гётэ, і вось нарэшце, у беларускага гледача ўпершыню з'явілася ўнікальная магчымасць азнаёміцца з арыгінальнымі ваеннымі харугвамі, якія былі прывезены з Музея Арміі (Стакгольм). Асаблівае месца сярод экспанатаў займае чатырохметровая харугва гетмана Крыштафа Радзівіла з выявай княжаскага герба.
Наведвальнікам выставы прадстаўляецца магчымасць уявіць, якім быў Мірскі замак і яго наваколле ў XVII–XVIII стст., а таксама азнаёміцца з непаўторнай гісторыяй Паўночных войнаў праз гравіраваныя партрэты і батальныя сцэны, планы і карты, медалі і манеты, гаспадарчыя рэчы, сцягі і прадметы раскошы, рэдкія артэфакты вайны і шараговыя побытавыя рэчы.

Выстава будзе доўжыцца па 24 верасня 2017 г.


Гістарычная даведка:
У сярэдзіне XVII – пачатку XVIII ст. Паўночна-Ўсходнюю Еўропу скаланула серыя зацяжных войнаў. Галоўнымі праціўнікамі ў іх былі Рэч Паспалітая, Швецыя і Расія, а важнейшай прычынай – імкненне да дамінавання ў акваторыі Балтыйскага мора з мэтай атрымання эканамічных і геапалітычных выгод. У навуковай літаратуры гэтыя войны прынята называць Паўночнымі. Беларускія землі апынуліся ў цэнтры ўзброенага супрацьстаяння вялікіх рэгіянальных дзяржаў, у выніку чаго пацярпелі каласальныя страты.
Дэвіз Ultima ratio regum (лац. апошні довад каралёў) змяшчаўся на французскіх гарматах у часы Людовіка ХІІІ. Гэтым довадам лічылася вайна. Выраз быў вядомы і шырока выкарыстоўваўся ў XVII–XVIII стст. у многіх еўрапейскіх краінах, у большасці з якіх сфарміраваліся абсалютысцкія палітычныя рэжымы. У гэтую эпоху многае, у тым ліку войны, залежалі ад асабістай волі манархаў. Яскравым прыкладам вайны манархаў была Вялікая Паўночная вайна 1700–1721 гг., у якой адзін супраць аднаго ваявалі найбольш яркія ўладары эпохі: шведскі кароль Карл ХІІ, расійскі цар Пётр І і польскі кароль Аўгуст ІІ Моцны, але войны закраналі ўсіх: ад тых, хто спрабаваў атрымаць з іх пэўныя выгоды і дасягнуць нейкіх мэт, да тых, хто ў гэтай крывавай віхуры імкнуўся наўпрост выжыць і захаваць сваю маёмасць. Адчуць уздзеянне вайны на лёсы людзей дапамагае ўнікальны матэрыял па гісторыі Міра і Мірскага графства ў час Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721), адкрыты ў архівах Беларусі і Польшчы.


Кантакты для СМІ:
Арзуманян Анаіт
PR-спецыяліст установы «Музей «Замкавы комплекс «Мір»
Тэл. 8-015-962-32-32
anait15@yandex.ru

Официальный сайт: www.mirzamak.by


206