Міжнародная акцыя Ноч музеяў - 2017 «ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЯ НОЧ»


Міжнародная акцыя Ноч музеяў - 2017 «ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЯ НОЧ». Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Мінск, 2017 г.


20 мая 2017 года ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца Міжнародная акцыя "Ноч музеяў - 2017" - ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЯ НОЧ.

Наведвальнікі Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага стануць галоўнымі героямі дынамічнага і заблытанага сцэнарыя Інтэлектуальнай ночы - 2017. Мы прапануем Вам адчуць сябе ў ролі хітрамудрага дэтэктыва, кемлівага даследчыка, вынаходлівага алхіміка, апантанага калекцыянера. Музей запрашае камандных гульцоў, дружныя сем'і, закаханыя парачкі, і, тых, хто любіць гуляць сам па сабе.

Праграму ночы музеяў у 19.00 распачне інтэрактыўная экскурсія ад аўтараў выстаўкі "Плюс/мінус" Уладзіміра і Марыты Голубевых. Спалучэнне красамоўнага выкладчыка-аратара і таленавітага мастака ў адной асобе стварае незабыўны экскурсійны кактэйль, які падагрэе вашу цікаўнасць і натхніць на новыя адкрыцці музейнай ночы.

У 20.30 у вялікай выставачнай зале пачнецца Беларуская інтэлектуальная гульня для тых, хто загаддзя зарэгістраваўся. Калі вы не паспелі гэтага зрабіць - не бяда, для вас падрыхтаваны не менш займальныя прыгоды.

Адкрываць музейныя таямніцы, разгадваць загадкі, каб скласці ўвесь пазл не зусім проста. Вам у дапамогу - падказкі музейных супрацоўнікаў, сустрэчы з былымі гаспадарамі сядзібнага дома, астранамічныя знакі, адбіткі слядоў, карты і компас. Праходзіць квесты можна на працягу ўсёй музейнай ночы.

У 22.00 у парадным двары галерэі пачнецца канцэртная праграма - выступленне вулічных гарадскіх музыкантаў.

Самым цікаўным даследчыкам музей прапануе паўдзельнічаць у розыгрышы "Спатканне на даху", якое па традыцыі завяршае музейную ноч у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Апоўначы дваім пашчасціць апынуцца пад зорным небам начнога Мінска над дахамі Верхняга горада.

Уваходны білет - 5 руб.

193