Выстава беларускай вышыванкі “ВЫШЫВАЕМ ЛЁС”

З 28 чэрвеня па 31 жніўня УК “Музей гісторыі і культуры г. Наваполацка” запрашае жыхароў і гасцей горада наведаць выставу традыцыйнай беларускай вышыванкі “Вышываем лёс”. Гісторыя беларускай народнай вышыванкі сыходзіць каранямі ў глыбіню стагоддзяў. Вышыванне лічылася хатнім заняткам: кожная жанчына вышывала вопратку, ручнікі для сябе і сваёй сям'і, у лепшым выпадку — на заказ сваёй суседцы. Арнамент на вопратцы і ручніках – гэта лёс, які ўжо быў і якому яшчэ толькі давядзецца здзейсніцца. Гэта таксама партрэт чалавека, які вышываў арнамент. Тонкія спалучэнні сімвалаў дэманструюць мары чалавека, тое, што ён чакае ад жыцця і будучыні.

У 1913 годзе беларуская вышыванка ўпершыню была выстаўлена на грамадскі агляд — у Вільні прайшла Першая раённая выстава саматужнага промыслу і народнай творчасці, дзе былі прадстаўлены вырабы беларускіх і літоўскіх майстроў. Наведвальнікі, прагледзеўшы выставу, ацанілі, што вялікая частка старасвецкай народнай культуры ўжо страчана.У нашыя часы Музей гісторыі і культуры г. Наваполацка захоўвае гісторыю нашых продкаў. На выставе вы ўбачыце традыцыйныя ручнікі і покрыўкі, які некаторыя з нас памятаюць з самога дзяцінства, калі былі на вёсцы ў бабулі. Стылізаваныя раслінныя арнаменты ды ўзоры – гэта вельмі карпатлівая і складаная праца, якая нікога не пакіне абыякавым.

Выстава працуе па адрасе: вул. Маладзёжная 45, корпус 3.

Кошт квіткоў: дзіцячы – 80 капеек, дарослы – 1 рубль.

Інфармацыя па тэлефоне: 51-05-16.

457