Праблемы гісторыі і культуры пагранічча: гуманітарныя веды і выклікі часу

Упершыню ў Верхнядзвінскім раёне прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя “Праблемы гісторыі і культуры пагранічча: гуманітарныя веды і выклікі часу”, прысвечаная 200-годдзю І. Я. Храпавіцкага.

Праходзіла яна як у вочнай, так і завочнай форме: удзел у ёй прымалі больш 60 аўтараў з шасці краін - Беларусі, Расіі, Україны, Польшчы, Казахстана, Узбекістана, якія прадстаўлялі асноўныя раздзелы гуманітарных ведаў – гісторыю, культуралогію, соцыялогію і іншыя. Нашу краіну прадстаўлялі ўсе вядучыя вышэйшыя ўстановы адукацыі. Такім чынам заяўленая тэматыка канферэнцыі разглядалася пад рознымі ракурсамі, з пункту погляду розных навук, што сведчыла аб вялікім інтарэсе да яе ў навуковым асяроддзі. Акрамя дакладчыкаў, якія змаглі прыехаць, шматлікія тэзісы і артыкулы на заяўленую тэму былі прадстаўлены ў зборніку.

Праходзіла сустрэча на малой радзіме І. Я. Храпавіцкага – у Каханавічах. Яго імя доўгі час было незаслужана забытым, а між тым гэты чалавек шырокага кругагляду і яркага таленту. Паэт, фалькларыст, перакладчык, этнограф, грамадскі дзеяч, асоба якога і на сённяшні дзень да канца не даследавана. У актавай зале сельвыканкама, дзе праходзіла канферэнцыя, раённая бібліятэка наладзіла стэнд “Вяртанне Ігната Храпавіцкага”.

З’яўляючыся таксама даследчыкам беларускай культурнай спадчыны, у першую чаргу, этнаграфічнай, І. Храпавіцкі стаў першым этнографам, які стаў даследваць тэрыторыю сучаснага Верхнядзвінскага раёна ў 30-40 гады 19 стагоддзя. Яго інтарэс да гісторыка-культурнай спадчыны быў настолькі вялікім, што, каб запісаць толькі адну песню, ён мог паехаць у далёкую вёску. Сёння гэту справу працягваюць вядомыя этнаграфічныя школы па вывучэнні беларускага Падзвіння ў Полацку, Віцебску.

Папулярызацыяй і захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны займаецца і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Аб гэты падрабязна расказала магістр гістарычных навук, выкладчык кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта К. В. Андрэйчык.

З дакладамі выступілі таксама магістр гістарычных навук Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы А. І. Яўстацьеў, магістр культуралогіі дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў К. Ф. Лысак, госці з Віцебска – А. В. Бараноўскі, Ю. М. Бахір (ВДУ імя П. М. Машэрава), С. В. Марціновіч (Віцебскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей), Бао Ін (БДУ).


Удзельнікі сустрэчы разам са старшынёй Каханавіцкага сельвыканкама В. Я. Ярмоленка пабывалі на вясковых могілках – адноўленым месцы пахавання Храпавіцкіх – Ігната і яго жонкі Саламеі, усклалі да помнікаў кветкі.

Пабывалі ў скверы, дзе на вялікім камяні І. Храпавіцкаму ад удзячных нашчадкаў напісаны радкі “Твае мары аб роднай зямлі светлай явай на ёй прараслі”.

Завяршылася канферэнцыя наведваннем раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

431