Мілым землякам з ракі Бярэзіна...

У лютым 2017 года ў час XXIV Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу ў Мінску адбылася прэзентацыя рамана Фларыяна Чарнышэвіча “Надбярэзінцы”
Дзеянне рамана, па меркаванні даследчыкаў, адбываецца на землях Клічаўшчыны. Ужо праз некалькі месяцаў пасля з’яўлення на кніжным рынку гэтай захапляльнай авантурна-драматычнай эпапеі яна заваявала прызнанне чытачоў.
Выданне ажыццявіла выдавецтва «Янушкевіч» пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску і Інстытута кнігі (Кракаў). Андрэй Янушкевіч, дырэктар выдавецтва, адзначыў, што сярод іншых выданняў яго выдавецтва гэта кніга ўжо вясной стала адным з лідараў продажу ў Мінску.

Супрацоўнікі краязнаўчага музея прынялі ўдзел у літаратурнай канферэнцыі – прэзентацыі рамана “Надбярэзінцы” ў сталіцы. Кнігу аб падзеях на пераломе часу на нашых землях Андрэй Янушкевіч з дароўным надпісам перадаў нашаму музею. Цікавасць да гэтага рамана праяўляюць многія краязнаўцы раёна, аматары кніжных навінак, ды і проста цікаўныя чытачы. Таму мы вырашылі прадставіць гэтую кнігу як невялікі падарунак да 425- годдзя Клічава. Тым больш, што сям’я Чарнышэвічаў доўгі час жыла ў Клічаве. У 1892 годзе тут нарадзіўся старэйшы Фелікс, а ў 1900, пасля пераезду бацькоў у Бабруйск, – Фларыян.
“Мілым землякам з ракі Бярэзіна… прысвячаю з гарачым прыветам – дзе б вы ні знаходзіліся”. Гэтыя сардэчныя радкі – эпіграф да кнігі свайго жыцця, як і самую кнігу, аўтар пісаў далёка ад роднай старонкі, за тысячы кіламетраў, на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна. У 1924 годзе жыццё закінула эмігранта Чарнышэвіча ў Аргенціну. Раней за мяжу падаўся Фелікс. Як і тысячы эмігрантаў, браты шукалі лепшай долі. Тры дзясяткі гадоў Фларыян працаваў простым рабочым на бойні непадалёк ад горада Ла-Плата, а ў вольныя часы пісаў кнігі аб далёкай радзіме, аб дзяцінстве і юнацтве, аб сваіх далёкіх земляках і сваіх нязбытных марах.
У 1964 годзе Фларыян Чарнышэвіч памёр, так і не ўбачыўшы больш радзіму, а яго раманы доўга чакалі свайго часу. “Надбярэзінцы” ўпершыню былі надрукаваныя ў Буэнас-Айрэсе ў 1942 годзе, у 1991 годзе раман на польскай мове з’явіўся на кніжным рынку Варшавы, а ў пачатку 2017 пераклад на беларускую мову трапіў да чытачоў Беларусі.
Каштоўнасць гэтага рамана ў тым, што на яго старонках паўстае забытая гісторыя шляхты, якая жыла на нашых землях, шчыра працавала, мацавала эканоміку рэгіёну. У апошнія гады мы даволі шмат даведаліся аб буйных землеўладальніках Клічаўшчыны. З павагай расказваем у час музейных экскурсій пра культуру заможнай шляхты – Незабытоўскіх, Патоцкіх, якія былі дбайнымі гаспадарамі, збіраем пра іх гістарычныя звесткі, ладзім тэатралізаваныя рэканструкцыі. Сямейны герб мясцовых шляхецкіх дынастый “Любіч” стаў асновай для стварэння герба нашага горада і раёна. А пра небагатую шляхту, “дваранства”, што карчавала дзялянкі ў лесе, адваёўвала ўчасткі зямлі, засявала палі, будавала пасёлкі, хутары, засценкі, выжывала сваёй сумленнай працай, не ведаем амаль нічога. І вось – вялікае жывапіснае палатно – 600 старонак захапляючага аповеду, у якім ёсць усё: і наша забытая гісторыя, і яркія этнагра-фічныя замалёўкі, і цудоўныя апісанні мясцовай прыроды, і карціны вясковага жыцця, напоўненыя мудрасцю і гумарам, каханне, здрада, забойства, трагедыя чалавека, які ў віхуры гістарычных падзей павінен зрабіць рашучы выбар і стаць на барыкады.
Час і людская бяспамятнасць выкраслілі многае з нашай гісторыі. Пра зніклую яўрэйскую культуру беларускіх гарадоў і мястэчак мы трохі ведаем, а пра зніклую вясковую «польскасць» — амаль нічога. Быў час, калі польская мова нароўні з беларускай, яўрэйскай і рускай была абвешчана дзяржаўнай на Беларусі. У 20-я гады адчыняліся школы, на нацыянальных мовах вялося справаводства. На Клічаўшчыне былі створаны Усохскі (з 1924 г.), Наталоўскі (з 1926 г.) польскія нацыянальныя саветы, якія былі самымі заможнымі і эканамічна моцнымі ў раёне. Адкрываліся польскія школы. У 1937 годзе палітыка дзяржавы змянілася, польскія сельсаветы скасавалі, і многія жыхары такіх саветаў як “ворагі народа і польскія шпіёны” былі арыштаваны і больш ніколі не вярнуліся ў свае вёскі.
Цяпер на Клічаўшчыне цяжка знайсці сляды былых падзей. Драўляныя хаты спарахнелі ці згарэлі ў вайну, польскія пахаванні, надмагільныя помнікі на могілках зраўняліся з зямлёй, ад страху за сваё будучае былыя палякі пастараліся сцерці з памяці сваю небяспечную біяграфію.
І вось “Надбярэзінцы” як дзівосная “машына часу” пераносіць у нейкі новы, незвычайны і невядомы нам свет. На старонках рамана разгортваецца сапраўдная драма жыцця працавітай засцянковай шляхты. У Смалярні жывуць здаўна шляхецкія сем’і Здановічаў, Гушча, Трызна, Пятроўскіх, Сцяпура, Вінярскіх, Сакалоўскіх. Аўтар майстарскі апісвае быт тагачаснага засценку – цяжкую сумленную працу на сваёй гаспадарцы і вольныя часіны вясёлага адпачынку. А якія захапляючыя драматычныя падзеі разгортваюцца вакол першай прыгажуні Смалярні Карусі Сакалоўскай! Нездарма літаратары параўноўваюць раман Чарнышэвіча з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры – творамі Генрыха Сянкевіча, Адама Міцкевіча, Міхаіла Шолахава, Якуба Коласа.
Інтрыга таямнічага рамана “Надбярэзінцы” яшчэ і ў тым, што аўтар, сам былы разведчык, зашыфраваў мясціны галоўных падзей так, што даследчыкі і сёння шукаюць на мапах (геаграфічных картах) мястэчкі, засценкі, у якіх адбываліся па-дзеі. Магчыма, такім чынам Чарнышэвіч хацеў зберагчы ад рэпрэсій сваіх родзічаў і сяброў, якія заставаліся тут жыць. У рамане называюцца Бабруйск, Магілёў, Жлобін, Бялынічы, а асноўнае дзеянне адбываецца на прасторах Клічаўшчыны, у вёсках Смалярня, Аколіца, Рагі. Астатнія населеныя пункты аўтар адмыслова зашыфраваў. Якіх толькі назваў тут няма: Лады, Жужлы, Падрэчча, Жмуркі, Галаднічча, Палянкі, Барсукі, Грыбкі, Ніты, Убярэззе Храпачоў, Вежгайлава, Кучкі, Сакатушкі. Сам Клічаў у рамане – цэнтр воласці, дзе знаходзяцца органы улады, школа, царква, Чарнышэвіч назваў “Вонча” (гэта зусім не наша клічаўская Гонча).
”Старажытная сядзіба над самай рэчкай. Мясцовасць вышынная, палі спадзістыя, ураджайныя, амаль як слуцкія. За ракою – бяскрайнія лясы. Калісьці гэта былі вёска і двор, уласнасць аднаго з самых заможных магнатаў у Рэчы Паспалітай. Вонча была драбніцаю пасярод незлічоных вёсак у магнацкім багацці. Але яна адрознівалася ад астатніх тым, што амаль кожную зіму сюды зазіраў сам уласнік – з войскам на паляванне прыязджаў. Большых лясоў на ўсіх крэсах не было, і нядзіўна. Нават цяпер, калі тыя лясы за рэчкаю ўжо добра патрапаныя, узімку тут забіваюць мядзведзя (у Смалярскай пушчы), любы можа лася ці рысь пабачыць, што ўжо казаць пра даўнія часы, калі на сорак вёрстаў палянкі было не знайсці”.
Раман “Надбярэзінцы” можна па праву назваць “этнаграфічным скарбам”. Асаблівую ўвагу краязнаўцаў прыцягвае дэталёвае апісанне жытла, адзення, мясцовых звычаяў, абрадаў, маладзёжных забаў і правілаў сямейнага жыцця. Літаратурны дар аўтара стварае такія яркія замалёўкі, што яны кранаюць сваёй шчырасцю і натуралізмам.
“На сняданак была гарбата, пшанічная булка, свежы падсалоджаны сыр, а часам яшчэ і блінцы, на абед – фаршырованае парася альбо курыца, пшанічныя варэнікі, што аж плавалі ў тлушчы, прасяная каша, звараная на малацэ, на вячэру – шатраваныя грачаныя бліны, верашчака са свінымі рабрынкамі і макароны на малацэ…”.
Шлях “Надбярэзінцаў” да беларускага чытача быў вельмі складаны і, можна меркаваць, будзе нялёгкім і надалей.
Раман, у якім апісваецца жыццё шляхецкіх засценкаў паміж Бярэзінай і Дняпром у 1911–1920 гадах, можа выклікаць у чытачоў розныя пачуцці: ад захаплення магутным пісьменніцкім дарам аўтара да непрыняцця твора з-за ідэалагічнай пазіцыі. Справа ў тым, што шматлікія гістарычныя падзеі, жыццё засценкаў і вёсак, адносіны розных герояў, розных сацыяльных слаёў і розных рэлігійных канфесій Чарнышэвіч паказвае з нязвыклага для нас боку, як сказалі б некаторыя – “з варожага”. У яго рамане, як у сапраўдным жыцці, цесна перапляліся палякі – “шляхта” з іх неадольнай верай у аднаўленне “польскасці”, сяляне – “мужыкі” са сваёй праўдай, каталікі і праваслаўныя, бальшавікі і легіянеры (польскія легіёны – дабравольныя польскія воінскія фарміраванні).
Фларыян Чарнышэвіч удала схапіў дух эпохі праз уласныя перажыванні. Даследчыкі лічаць, што ён увасобіў сябе ў двух галоўных героях рамана – Стаху Балашэвічу і Косціку Васілеўскім.
А нам, надбярэзінцам, каштоўна тое, што такога ўзвышанага, узнёслага паэтычнага гімна прыродзе клічаўскага краю яшчэ не было ў нашай мясцовай гісторыі. Асаблівае захапленне выклікаюць радкі, дзе героі рамана дзівяцца чароўнымі лясамі роднай старонкі. Пушча ў рамане Чарнышэвіча – гэта святыня, жывая асоба, родная матуля, якая пакутуе ад таго, што дзеці яе – людзі – ніяк не могуць падзяліць багацце, уладу, пасады. Такі пранікнёны гімн роднай смалярскай пушчы мог быць напісаны толькі вельмі таленавітым пісьменнікам, шчырым патрыётам, ды і проста ўлюбёным у родныя мясціны чалавекам.
“…Пушча святая! Біблія найсапраўднейшая! Райскі сад! Камора незлічоных дароў і багаццяў! Скрыня таямніцаў і чарадзейскіх лекаў! Ты рысункам пагоркаў, далін, поймаў і курганаў, некранутаю глебай, першабытнымі раслінамі пішаш найсапраўднейшую гісторыю гэтай зямлі ад пачатку свету! Ты пладамі сваімі сілкуеш, а лыкам абуваеш тысячы бедных людзей! Ты лекуеш іх моцай зелак сваіх. Ты стрымліваеш халодныя вятры, а ценем сваім спёку астуджаеш…Ты сваёй свежасцю, пахам, песняй прыроды суцішаеш боль, загойваеш раны, дорыш салодкі адпачынак, ліеш шырокай плынню здароўе і раскошу. Радзільніца мая! Калыска мілая!…” Такіх узнёслых паэтычных гімнаў клічаўскай прыродзе на старонках рамана шмат. У кожным радку адчуваецца магутны пісьменніцкі дар Фларыяна Чарнышэвіча.
Дапускаю, што пазіцыя аўтара можа быць прынята не ўсімі. Але што перашкаджае разам з аўтарам захапіцца дзівосамі роднай прыроды, разам з героямі рамана паблукаць па вуліцах старога Клічава, здзівіцца велічы тагачаснага Бабруйска, паназіраць, як сваталі і выдавалі замуж у Бялынічы нашу клічаўскую (смалярскую) нявесту, задумацца над спрэчкамі герояў аб будучыні Айчыны?! Як бы ні адносіліся да рамана “Надбярэзінцы” чытачы, ён пачаў і працягвае сваё шэсце па літаратурных прасторах розных краін. Некалькі дзясяткаў нашчадкаў Фларыяна і Фелікса Чарнышэвічаў жывуць зараз у ЗША і Аргенціне. Гісторыкі, літаратары, аматары краязнаўства ўжо даўно распачалі свае даследаванні творчасці Чарнышэвіча. Польскія турысты і настаўнікі яшчэ некалькі гадоў таму планавалі праехаць па мясцінах дзеяння рамана. У 2011 годзе члены Беларускага студэнцкага этнаграфічнага таварыства здзейснілі вандроўку, якая пацвердзіла, што шляхта здаўна жыла ў вёсках Аколіца, Турчылоў, Мікалаеўка, Анатолеўка, Дубраўка, Аляксееўка, Дзмітраўка, Буднеў, Галішчына, Рэпішча, Ганаратаў, Кабылянка. На некаторых могілках захаваліся сляды польскіх пахаванняў, старыя надмагільныя камяні, помнікі з надпісамі на польскай мове. Відаць, на чарзе – распрацоўка турыстычнага маршруту “Па слядах надбярэзінцаў”.
Сваё даследаванне вядзе журналістка, этнограф, супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук, наша зямлячка Алена Ляшкевіч. Яе артыкул “Засцянковая Атлантыда Фларыяна Чарнышэвіча» ў газеце “Новы час” атрымаў 1-е месца ў намінацыі «Найлепшы культурна-гістарычны матэрыял» конкурсу імя журналіста Аляксея Караля. У пошуках слядоў літаратурных герояў рамана ў чэрвені і мы здзейснілі сваё падарожжа па месцах дзеяння рамана і крыху прыадкрылі таямнічы свет Чарнышэвіча.
І яшчэ адно адкрыццё, якое, пэўна, будзе асабліва цікавым моладзі. Аказалася, што Фелікс Чарнышэвіч, які нарадзіўся ў Клічаве ў 1892 годзе і з’ехаў у Амерыку, з’яўляецца родным дзядулем аднаго з самых паспяховых, і на жаль, скандальных рок-музыкантаў ЗША Сцівена Тайлера. Знаўцы сучаснай музыкі сцвярджаюць, што за паўстагоддзя свайго існавання яго калектыў Aerosmith (Аэросміт) стаў няпроста самай папулярнай і высокааплачваемай камандай на планеце, але і набыў статус культавай.
Якія б там яшчэ адкрыцці ні сустракалі даследчыкаў, раман чакае разумнага, удумлівага чытача, які здольны сам ацэньваць прачытанае, аналізаваць, думаць, магчыма, дзесьці спрачацца з аўтарам, не згаджацца з ім і атрымліваць ад гэтага асалоду. Ці не ў гэтым магія сапраўднай літаратуры?!

Лідзія АЧЫНОВІЧ,
навуковы супрацоўнік
краязнаўчага музея.
(Працяг будзе).
http://www.klichew.by/u-ljutym-2017-goda-ў-chas-xxiv-mizhnarodnaj-knizhnaj-vystavy-kirmashu-ў-minsku-adbylasja-prjezentacyja-ramana-flaryjana-charnyshjevicha-nadbjarjezincy/

576