Адкрыццё памятнага знака ў Навагрудку

26.09.2017 г. у экспазіцыі “Музей яўрэйскага супраціўлення ў Навагрудку” установы культуры “Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей” адбылося адкрыццё памятнага знака загінуўшым у навагрудскім гета ў гады Халакоста.

Мемарыял уяўляе сабой постаць дзяўчынкі ў касцюме анёла, якая стаіць побач з сімвалічным дрэвам жыцця. Прататыпам дзяўчынкі стала Міхле Сасноўская, вязніца навагрудскага гета, якая пасля няўдалай спробы ўцёкаў была закатавана ў турме. Ініцыятарам стварэння кампазіцыі стаў мясцовы прадпрымальнік Сяргей Коваль, аўтарам – скульптар Уладзімір Панцялееў.

Права адкрыць помнік атрымалі вязні мінскага гета Фрыда Вульфаўна Рэйзман і Якаў Маісеевіч Мурахоўскі і малалетнія вязні нацысцкіх лагераў Міхаіл Кір'янавіч Касабукін і Марыя Мікалаеўна Жычко.

Удзел у цырымоніі адкрыцця памятнага знака прынялі вязні гета і нацысцкіх лагераў, прадстаўнікі ўлады горада, павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Роберт Райлі, тэатральны рэжысёр Ганна Суліма, вакальная група “Чистый голос”, юная вакалістка з Навагрудка Дар’я Аўсяная, госці і жыхары горада.

452