Клічаўскі краязнаўчы музей віншуе са светлым святам - Нараджэннем Хрыстовым!


Хай у гэта светлае свята ў вашых дамах пануюць пяшчота і згода, а прысутнасць блізкіх людзей прынясе адчуванне свету, падтрымкі і душэўнай цеплыні!

Няхай вашыя сэрцы напоўняцца радасцю, а паўсядзённая мітусня саступіць месца любові і дабрыні. Хай у вашых сем’ях будзе як мага больш шчаслівых момантаў.

Настаў час і для калядак.

Для даведак:

Само слова "каляды" мае паходжанне ад лацінскага calendae, "календы" - назва першага дня кожнага месяца (ад таго кораня пайшоў і "каляндар"), а таксама ад старажытнай назвы сонечнага дыску – Кола.

Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і. Да калядаў стараліся пашыць новае адзенне, абавязкова памыцца ў лазні. Новы год і новае сонца непрыгожа сустракаць, калі непарадак у гаспадарцы ці ў душы. Вось і зараз стараюцца людзі да новага года дарабіць пачатыя справы, разлічыцца з пазыкамі, прыбраць жыллё. А вось замест звычайнай у нашые часы навагодняй яліны асноўным упрыгожаннем хаты таго часу быў сноп збожжа, які уносілі у хату ў першы дзень каляд і трымалі там да апошняга. Замест снапа магла быць і саламяная лялька, якая ўяўляла сабой нованароджаны год.

На каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй, прычым запрашалі на святкаванне не толькі жывых членаў радзіны, але і продкаў. Лічылася, што яны разам з усімі садзяцца за стол, і калі спадабаецца ім вячэра – абавязкова “замовяць слоўца” і дапамогуць жывым ва ўсіх істотных справах.

Нельга не ўзгадаць і пра “калядаванне” – адну з самых яркіх традыцый, што дайшла да сучаснасці. Лічылася што толькі весялосць, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў строі татэмных жывёл (мядзведзя – увасабленне Велеса, карову, казу, каня – сымбалі дастатку, багацця, бусла, які лічыўся талісманам удачы, ладу) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Чым часцей узгадваліся розныя магічныя формулы, тым больш дзейснымі яны лічыліся. Гаспадары ж, якіх яны наведалі, давалі ў падзяку за абарону ад нячысцікаў розныя прысмакі. Часцей за ўсё гэта былі арэхі, семечкі, пернікі і печыва, сухафрукты, пазней – цукеркі.



З Нараджэннем Хрыстовым!
З Калядкамі!





® а также