Калядныя забавы для дзяцей

У час вясёлых калядных святаў наш музей гасцінна адчыніў дзверы для навучэнцаў школ горада.

12 студзеня 2018 г. у музей завіталі вучні малодшых класаў сярэдняй школы № 3, а 16 студзеня 2018 г. - вучні сярэдняй школы № 1.

Падчас мерапрыемстваў вучні даведаліся, як нашыя продкі рыхтаваліся да Каляд, як іх святкавалі. Хлопчыкі і дзяўчынкі мелі магчымасць пазнаёміцца з выставай паштовак, прысвечаных Новаму году і Раству Хрыстову, распавялі, як яны самі віншавалі сваіх знаёмых і родных са святамі.

Акрамя таго, дзеці пабачылі, як упрыгожвалі ялінку 50 - 70 год таму назад. Супрацоўнікі музея ўпрыгожылі ялінку цацкамі, якія падаравалі музею Барыс Адамавіч Шагідзевіч і Ірына Анатольеўна Ходар.

Вельмі весела прайшла “варажба” – год абяцае быць вясёлым, шчодрым на добрыя адзнакі, падарожжы і падарункі. А ўжо як пагулялі у снежкі, Казу- Бадулю, павадзілі казла, то і навогул не хацелі разыходзіцца.

А пасля забаваў крыху папрацавалі, бо вучыліся рабіць прыгожыя навагоднія цацкі з лёну, традыцыйнага матэрыялу, які калісьці ўласнымі рукамі выраблялі нашы продкі.

Мы добра пакалядавалі, а Вас усіх са Святамі!

433