"Цікавыя сустрэчы ў музеі": сустрэча з У.А. Паўловічам

Традыцыйнымі ўжо сталі сустрэчы ў нашым музеі з творчымі асобамі, якія дзеляцца сваімі захапленнямі, сваёй энергіяй і пазітывам.

14 студзеня 2018 г. (нядзеля) супрацоўнікі Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея сумесна з навагрудскай суполкай "Узвышша" Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (старшыня С.І. Абдулаева) запрасілі навагрудчан на музычную сустрэчу з Уладзімірам Аляксеевічам Паўловічам, музыкантам-самародкам, удзельнікам фестываля “Іграй, гармонь”.

Нарадзіўся Уладзімір Аляксеевіч у вёсцы Лозкі Навагрудскага раёна ў 1949 годзе. Іграць на гармоніку навучыўся сам, калі яму было каля 6 гадоў. Выступаў на школьных канцэртах.

У 1967 годзе пераехаў у Мінск, а ў 1985 годзе прачытаў аб’яву аб правядзенні фестывалю гарманістаў “Іграй, гармонь!”, які арганізавалі ў Маскве браты Генадзь і Аляксандр Завалокіны. Затым Валянціна Пархоменка арганізавала падобны фестываль у Беларусі, які атрымаў назву “Мінскі гармонік”. У складзе калектыву гарманістаў Уладзімір Паўловіч шмат ездзіў з канцэртамі не толькі па Беларусі, але удзельнічаў у розных фестывалях за мяжой. З выступленнямі ён пабываў на фестывалях у Амерыцы, Францыі, Эстоніі і многіх іншых краінах і гарадах.

На сустрэчы ў музеі Уладзімір Аляксеевіч расказаў пра свой жыццёвы і творчы шлях, а таксама прадэманстраваў ігру на гармоніку, якая нікога з гасцей не пакінула абыякавым. Госці не толькі спявалі песні, але і танцавалі пад гармонік.

429