Па старонках падручніка геаграфіі

У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца на планеце 21 лютага, зусім лагічна звярнуцца да дзейнасці тых навукоўцаў, якія ўсе жыцце прысвяцілі вывучэнню і захаванню мовы сваіх продкаў. Адной з найярчэйшых асоб беларускай навукі з’яўляецца Аркадзь Смоліч, ураджэнец вескі Бацэвічы сучаснага Клічаўскага раена. Народны сакратар асветы і намеснік старшыні Рады БНР, старшыня Цэнтральнага бюро краязнаўства Беларусі і рэдактар газеты «Грамада», першы беларускі прафесар геаграфіі, надзейны сябар і клапатлівы сем’янін - усё гэта ён, Аркадзь Антонавіч Смоліч. Дзякуючы Смолічу, Усеваладу Ігнатоўскаму, Вацлаву Ластоўскаму і Сцяпану Некрашэвічу з 1 студзеня 1929 года пачала сваю дзейнасць Акадэмія навук БССР.


Беларусь, ты не забыта.
У душы, як Божы знак:
Хата… Канюшына… Жыта…
Бульба… Бусел… Шпак…
Мроя… Хлопец закаханы…
Цемра… Шлях дамоў…
Беларусь, ты збудавана
З беларускіх слоў!
Леанід Дайнека.


А яшчэ наш зямляк – адзін з самых шчырых ініцыятараў суверэннасці Беларусі і аўтар бліскучага падручніка для беларускіх школ "Геаграфія Беларусі", які і сёння не ведае аналагаў у айчыннай навуцы. Падручнік быў надрукаваны ў Вільні ў 1919 годзе, вытрымаў 5 перавыданняў. Але і сення цікава пералістаць старонкі бессмяротнай кнігі, каб атрымаць асалоду ад гучання роднай мовы… Як адзначаюць даследчыкі, гэта не проста падручнік, а жывы пранікнены аповед пра беларускую зямлю, яе прыроду, людзей, яе гаспадарку.

Як сучасна гучыць трывога Смоліча аб лёсе мовы: “Адзнакаю беларуса есць яго мова. Праўда, ёсьць шмат такіх беларусаў, што ня хочуць, а то й ня ўмеюць гаварыць па беларуску. Гэта іхняе няшчасце… Заняпад роднай мовы - гэта нацыянальная хвароба”

Пажоўклыя ад часу старонкі кнігі напоўнены адначасова замілаваннем, болем за будучыню і светлым гумарам. Вось як апісвае Аркадзь Антонавіч беларускі характар: “Беларус добры гаспадар, шануе капейку, а крыху можа і скупаваты. Гэта не перашкаджае, аднак, яму быць вельмі гасцінным… Падарожнага ў беларускай хаце вельмі ахвотна прыймуць, накормяць, і не толькі ня возьмуць за гэта платы, але яшчэ й падзякуюць, што зайшоў…”

У прадмове да першага выдання “Геаграфіі Беларусі”, аўтар адзначаў: “Вось жа, калі б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кнігу, зацікавіліся сваёй Бацькаўшчынаю, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе ці асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты”.

У 2019 годзе таленавітаму падручніку споўніцца 100 год. І праз стагоддзе прафесар геаграфіі, які стаў ахвярай палітычных рэпрэсій, звяртаецца да нас, беларусаў: беражыце мову продкаў, бо яна, як і шчырая краязнаўчая праца, з’яўляецца грантыяй таго, што “Беларусь перастане быць краем, невядомым для саміх беларусаў”.

Лідзія Ачыновіч, навуковы супрацоўнік
Клічаўскага краязнаўчага музея

481