Новая выстава ў Краязнаўчым музеі г. Полацка

Сёння ні адну кватэру або працоўны кабінет мы не можам ўявіць без прадметаў інтэр'еру. Вакол нас сталы і крэслы, шафы або буфеты, гадзіннікі і люстэркі. Людзі яшчэ ў старажытнасці сталі карыстацца самымі простымі прадметамі мэблі. А з цягам часу, пасля вынаходніцтва новых станкоў і машын, навучыліся рабіць яе прыгожай і зручнай. Для кожнага стагоддзя характэрны свой стыль. Так, у 12-15 стагоддзях у Еўропе панавала готыка. На змену ёй прыйшлі барока, ракако, ампір. У 19 стагоддзі большасць прадметаў інтэр'еру стала вырабляцца на фабрыках. Гэта выклікала масавую вытворчасць мэблі розных стыляў. Але час эклектыкі занепакоіў мастакоў і майстроў мэблі, і ў канцы 19 стагоддзі наступіла эпоха мадэрну, дэвізам якой было стварэнне высокаякасных мастацкіх вырабаў, зручных і прыгожых. У афармленні сталі шырока выкарыстоўвацца плаўныя лініі, абрысы языкоў агню, спадальных локанаў, павойных раслін. Мадэрн афармляў усю жыццёвую прастору да апошняй дробязі.

Мэбля таго часу сёння захоўваецца і ў фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Менавіта яе і было вырашана паказаць на выставе, якая адкрылася ў выставачнай зале Краязнаўчага музея ў лістападзе 2009 года. Тут прадстаўленыя буфеты і сталы, крэслы і канапы, стол-бюро і этажэрка. Усё ручной працы. Прыцягне ўвагу наведвальнікаў і невялікая калекцыя насценных гадзіннікаў, сярод якіх прадметы вядомых заходнееўрапейскіх вытворцаў 19 стагоддзя. Посуд, у тым ліку і знакаміты кузняцоўскі фарфор, кнігі і часопісы канца 19 - пачатку 20 стст., нямецкая газавая лямпа, вазы - усе гэтыя прадметы дапамогуць наведвальнікам прадставіць, як выкарыстоўвалі тыя або іншыя прадметы інтэр'еру. Выстава стала вынікам сумеснай работы супрацоўнікаў Краязнаўчага музея, аддзела фондаў і рэстаўрацыйных майстэрняў.

Мы запрашаем усіх жадаючых не толькі атрымаць сапраўднае эстэтычнае задавальненне, але і адчуть дух мінулых эпох.

1979