Меч Брачыслава 2015 (фота, відэа)

Кожны год на некалькі дзён Браслаў становіцца цэнтрам творчасці, добрага настрою і весялосці. Вуліцы і скверы нашага горада імгненна напаўняюцца цудоўнай музыкай, звонкімі галасамі, а таксама гасцямі з розных куткоў краіны і нават замежжа. Наступае самае значнае для браслаўчан свята — “Браслаўскія зарніцы”. Фестываль жа з кожным годам не перастае здзіўляць свайго вернага гледача і становіцца ўсё больш цікавым і насычаным рознымі падзеямі.

Па праву вось ужо чацвёрты год упрыгожвае “Браслаўскія зарніцы” абласны агляд-конкурс вакальна-харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея”.
Браслаўчане і госці горада, якія зазірнулі ў мінулую суботу на пляцоўку перад касцёлам, мяркую, не пашкадавалі. Іх чакала добрая музыка і чароўны свет танцаў, а таксама шмат сюрпрызаў і ўражанняў. А папрэднічала гэтаму ўрачыстая цырымонія адкрыцця 48-ых “Браслаўскіх зарніц”.

Калі першы конкурс вакальна-харавых калектываў прыняў 12 творчых калектываў, потым іх колькасць узрасла да 15, то сёлета быў сапраўдны рэкорд — 21 удзельнік. Лепшыя галасы Полацка і Наваполацка, Шумілінскага, Віцебскага, Аршанскага, Расонскага, Лепельскага, Глыбоцкага, Лёзненскага, Пастаўскага, Гарадоцкага, Чашніцкага, Дубровенскага, Докшыцкага, Бешанковіцкага, Верхнядзвінскага, Шаркаўшчынскага раёнаў больш за дзве гадзіны дарылі гледачам народныя песні. Сёлета абысці 20 калектываў і стаць самым лепшым атрымалася ў нашага народнага ансамбля песні “На панадворку”. Менавіта іх песня пакарыла і журы, і гледачоў.

Увечары жыроў і гасцей горада чакала свята сярэдневечнай культуры "Меч Брачыслава", якое не перастае здзіўляць сваёй маштабнасцю. Рыцарскія баі, хаджэнне на хадулях, вогненнае шоу і выступленне культавага беларускага гурта Н.Р.М, а таксама святочны салют - цешылі гледачоў да самай ночы.

536