Удальрык Кшыштаф Радзівіл — дзівак з Дзятлава

Удальрык Кшыштаф Радзівіл – дзівак з Дзятлава

Размову пра гэту асобу з роду Радзівілаў, мусіць, варта пачаць з даты нараджэння. А яна настолькі супярэчлівая, што дзіву даешся. На некаторых сайтах даты зусім няма, на іншых даецца 5 студзеня пад фотаздымкам і 19 (28) лютага ў тэксце. Але дата, відаць, не мае асаблівага значэння, галоўнае тое, што пан Удальрык нарадзіўся ў Дзятлаве, жыў тут, шмат што пакінуў пасля сябе (не ўсё, на жаль, захавалася), ды і так быў чалавекам вельмі цікавым і неардынарным.

Пачнем з таго, што нарадзіўся герой нашага аповяду ў заможнай сям’і дзятлаўскіх вяльможаў Мікалая Фаўстына Радзівіла і Барбары з Завішаў.

Бацька яго, Мікалай Фаўстын Радзівіл, таксама быў звязаны з Дзятлавам, нарадзіўся тут, пражыў усё жыццё, будаваў палац Радзівілаў на месцы знішчанай шведамі крэпасці Астрожскага, рамантаваў Дзятлаўскі касцёл пасля пажару, тут ажаніўся ў 1710 годзе з прыгажуняй Барбарай, якая жыла ў Раготнай (сучаснае Раготна) у сям’і Кшыштафа Завішы, чалавека на той час вядомага і ў якасці мінскага ваяводы, і ў якасці гасціннага гаспадара і аўтара знакамітых мемуараў пра Дзятлаўшчыну. Знакамітае “сэрца Радзівіла”, змешчанае ў калоне Дзятлаўскага касцёла, таксама належыць Мікалаю Фаўстыну.

Згадзіцеся, нарадзіцца з такімі каранямі было вельмі ж ужо ганарова. Ды і сам Удальрык Радзівіл не схібіў і праявіў сябе ў жыцці не менш годна.

Хто ж ён быў і што пакінуў пасля сябе? Як сведчаць многія крыніцы, чалавекам ён быў незвычайным. Значную частку жыцця правёў у сваіх маёнтках на Валыні. Рабіў няўдалыя спробы ўмешвацца ў палітыку, абараняў права «ліберум вета» (прынцып адзінагалосся ў парламенцкім уладкаванні  Рэчы Паспалітай, які дазваляў любому дэпутату сойма выступіць супраць і тым самым спыніць абмеркаванне пытання ці работу сойма ў цэлым). Сучаснікамі ахарактарызаваны як дзівак i фантазёр, здольны і начытаны, але схільны да авантурызму. Сабраў вялікую бібліятэку, ведаў шмат моў, у тым ліку грэчаскую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую.

Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. Абіраўся паслом на соймы з 1730 па 1767 гады, займаў многія дзяржаўныя пасады. Служыў таксама ў войску ВКЛ, меў чын генерал-лейтэнанта. Нават вадзіў у 1749 годзе войска на ўкраінскіх гайдамакаў.

Удальрык Кшыштаф цікавіўся механікай і астраноміяй, у 1761 годзе разам з афіцэрамі гарнізона ў Камянцы назіраў Венеру, якая праходзіла праз сонечны дыск.

Пакінуў нашчадкам значную літаратурную спадчыну. Аўтар кніг «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў» (1741), «Маральныя элегіі» (1752), «Агульная гісторыя» (або «Універсальная гісторыя» 1752), «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Сусветныя крытыкі або сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе» і інш. Перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П. Карнеля, Ж. Расіна. Частка твораў засталася ў рукапісах (напр. «Свецкая крытыка, або Сатыра» – рукапіс зберагаецца ў Дзяржаўнай бібліятэцы РФ у Маскве).

Сярод мноства створаных панэгірыкаў, од і элегій вылучаецца цыкл «Маральныя элегіі», змешчаны ў складзе калектыўнага зборніка «Збор рыфмаў» (1752) і складаецца з пяці твораў. Да твораў парадаксальнай тэматыкі адносіцца верш «Слова Нішто па сваёй сутнасці», у якім У. Радзівіл выявіў добрае веданне сафістыкі, філасофіі і дагматыкі.

Вядомы таксама факт аб тым, што ён спрабаваў увесці ў спектаклях прыдворных тэатраў беларускую мову. Па-беларуску гаворыць адзін з герояў пераробленага У. К. Радзівілам твора Э. Бруселя «Камедыя Эзопа», прызначанага для нясвіжскага тэатра, захавалася 5 радкоў з уступнага маналога.

Вельмі шкада, што так няшмат чаго захавалася са спадчыны пана Удальрыка і мы не маем магчымасці ў поўнай меры ацаніць яго таленты. Аднак у таленавітасці яго няма сумнення.

А яшчэ сучаснікі сведчаць, што Удальрык Радзівіл меў неардынарную знешнасць, быў вельмі непрывабным кавалерам, пужаў жанчын і не мог разлічваць на ўзаемнасць.  Таму загадаў мясцоваму мастаку намаляваць партрэт прыгожай дамы і часта іграў на флетраверсе гімны ў гонар яе прыгажосці. Ажаніўся толькі пад пяцьдзясят на маладзенькай суседцы Соф’і Рэй, а пасля яе смерці – на Элеаноры Каменскай, ад якой меў сына Мацея (Матэвуша), генерала расейскай арміі.

Пад старасць Удальрык Радзівіл напісаў парады для мужчын пад назвай “Куншт кахання”, дзе выкарыстаў і свой вопыт, і творы французскіх аўтараў. Парады даволі слушныя, ён лічыць, што спадабацца жанчыне можна тады, калі ўмеешь прыгожа гаварыць, шмат чытаешь, разбіраешся ў мастацтве, не хвалішся сваімі перамогамі, не рабіш зашмат кампліментаў.

Вось такі дзівак-інтэлектуал жыў калісьці на дзятлаўскай зямлі. Сёлета мы адзначаем 310 год з дня яго нараджэння. Партрэт героя артыкула і яго бацькі Мікалая Фаўстына работы мастака Алеся Квяткоўскага вісіць у залах нашага музея. Мы, землякі, помнім яго і ганарымся ім. А таксама спадзяёмся, што імя Удальрыка Радзівіла не згіне ў часе.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

631