Да 220-годдзя Ігната Дамейкі: дарога праз стагоддзі

Да 220-годдзя Ігната Дамейкі

Дарога праз стагоддзі

Сёлетні, 2022 год, – знакавы для многіх беларусаў, хто так ці інакш прычыніўся да імя Ігната Дамейкі. І для нас, дзятлаўчан, таксама, бо ў далёкім 19 стагоддзі вялікі вучоны і вялікі чалавек планеты Зямля хадзіў па нашых вулачках, любаваўся прыродай наваколля, дапамагаў дзядзьку Ігнасію добраўпарадкаваць Жыбартоўшчыну, дзе некаторы час жыў. Ды і потым, прыехаўшы з Чылі ў 1880-я гады, спрабаваў быць карысным роднай зямлі, навуцы. Але, на жаль, ні ён сам, ні веды яго не спатрэбіліся тады. Але сталі яны карыснымі і важнымі для многіх навукоўцаў, што прыйшлі пасля яго і вывучалі астраномію, мінералогію, батаніку, геалогію…

У канцы ліпеня мы будзем святкаваць 220-годдзе з дня нараджэння Ігната Дамейкі, але рыхтавацца да гэтай значнай для беларусаў даты трэба ўжо сёння. У Дзятлаўскім музеі запланавана навуковая канферэнцыя краязнаўцаў з удзелам прафесійных гісторыкаў. Матэрыялаў шмат, але хочацца знайсці нешта новае, арыгінальнае, малавядомае, як і кожнаму нармальнаму даследчыку. Але што? Пісана і гаворана, здаецца, ужо так шмат, што і  зачапіцца няма за што. І ўсё ж пашчасціла. І вельмі.

Зараз былы маёнтак Жыбартоўшчына выкуплены сям’ёй Шулякоў, Дзінай і Канстанцінам. Яны, людзі неабыякавыя да гісторыі роднага краю, канешне ж, хацелі б захаваць яго, а пры спрыяльных умовах, і аднавіць нешта, давесці, як кажуць, да розуму. Таму наладжваюць па магчымасці сувязі з нашчадкамі Дамейкі за мяжой, прымаюць іх у госці. І толькі ў іх, адзіных з дзятлаўчан, ёсць дзве каштоўныя кнігі пра нашага земляка, адна з іх – на беларускай мове, напісаная праўнучкай Ігната Дамейкі – Пас Дамейка Леа-Пласа, якая ў 2017 годзе наведвала Беларусь і Жыбартоўшчыну.

Кніга “Ігнат Дамейка: з Мядзведкі – у Санцьяга-дэ-Чылі (1802-1889)”  трапіла мне ў рукі ўпершыню. І, безумоўна, прынесла вялікую радасць. Напісаная на добрай беларускай мове, з мноствам фотаздымкаў, у добрым пераплёце і на якаснай паперы, кніга выклікала нясцерпнае жаданне пачытаць яе. Ды і шрыфт такі, што чытаць можна нават у прыцемку. І пачала з прадмовы, дзе Пас Дамейка расказвае пра сябе і кажа, што “пачувае сябе адоранай лёсам”, бо ў яе жылах цячэ кроў вялікага чалавека.

Пас Дамейка сказала пры сустрэчы з карэспандэнтамі АНТ: «Для мяне гэта родная земля. Так, я нарадзілася ў Аргенціне, расла ў Чылі, а зараз жыву ў Аўстраліі, але з гэтай зямлёй у мяне нейкая энергетычная сувязь. Канешне, дзякуючы майму прадзеду Ігнату Дамейка».

Хто ж такая Пас Дамейка, праўнучка Ігната Іпалітавіча, што ёй давялося прайсці ў жыцці?

Яна нарадзілася ў 1937 годзе ў Барылочэ, у Паўднёвай Аргенціне, у сям’і дыпламата. Мясціны вельмі прыгожыя, горад пабудаваны сярод гор, дзе сыходзіцца сем азёр.

Калі дзяўчынцы было 5 гадоў, бацьку прызначылі чылійскім консулам у Порта Алегры, што ў Паўднёвай Бразіліі. Праз год сям’я пераехала ў Сант-Паўлу. Спачатку вучылася дома, а ў сем гадоў пайшла ў школу. Пас расла сярод вялікай колькасці родных, цетак і дзядзькаў, дваюрадных братоў і сясцёр, таму ўспамінае тыя гады з вялікай цеплынёй. Потым былі Каліфорнія, Сан-Францыска, Маямі, Нью-Ёрк. І зноў Чылі – любімая краіна, дзе Пас, ужо падлетак, пачувалася шчаслівай і радаснай.

А ў 1953 годзе бацьку накіроўваюць у Аўстралію для адкрыцця дыпламатычнай місіі Чылі ў гэтай краіне. Так у 16 гадоў яна апынулася ў Сіднэі. Умовы жыцця былі добрыя: выдатны дом, цудоўная прырода, школа, пасля заканчэння якой Пас марыла паступіць ва ўніверсітэт. Але лёс зноў вяртае яе ў Чылі і прапаную шмат выпрабаванняў. Тут, змагаючыся за кавалак хлеба і заробак, Пас стала самастойным чалавекам, які разлічваў толькі на сябе.

У 1958 годзе выйшла замуж, крыху пазней стала маці. Але працаваць не пакідала, дасягнула вядомасці ў Чылі сваёй грамадскай і перакладчыцкай дзейнасцю. Калі ў 1970 годзе да ўлады прыйшлі камуністы на чале з Сальвадорам Альендэ, сям’я вырашае пакінуць Чылі і эмігрыраваць ў Аўстралію.

Так у красавіку 1971 года сям’я з пяццю маленькімі дзяўчынкамі апынулася ў Сіднэі. Спачатку быў інтэрнат для эмігрантаў, там усе пять дачок захварэлі на гепатыт, пасля ім далі невялічкую кватэру ў доме, дзе жылі эмігранты з Чылі, што мелі ўніверсітэцкую адукацыю. Сярод іх аказалася шмат знаёмых, якія на ўсё жыццё сталі блізкімі сябрамі. Пас знайшла працу спачатку ў школе, потым у турыстычным агенцтве, а пазней у офісе чылійскай авіякампаніі. Муж вучыўся ва ўніверсітэце. Клопатаў было шмат, асабліва з дзецьмі. Але яна спраўлялася і хутка на 20 гадоў заняла пасаду кансультанта па падарожжах у галоўным турыстычным агенцтве Сіднэя. Шмат падарожнічала, наведала розныя краіны і кантыненты. Першы шлюб Пас распаўся, яна доўгі час жыла дзеля дачок, пакуль не сустрэла мужчыну, старэйшага за сябе, і не выйшла замуж другі раз, але, на жаль, няўдала. Зноў скасаванне шлюбу, сем гадоў адзіноты і спакойнага жыцця на ўзбярэжжы ў Сіднэі.

Дзеці выраслі, ператвараліся ў прыгажунь, старэйшыя, блізняты, працавалі мадэлямі ў Еўропе, Японіі, ЗША.

А ў 1999 годзе ўрачы паставілі Пас страшны дыягназ – рак ныркі. Аперацыя. Рэабілітацыя. У 61 год выйшла на пенсію.

Жанчына не ведала, колькі ёй засталося, але спадзявалася, што яшчэ нешта зможа зрабіць карыснае ў жыцці, таму і вырашае наведаць Чылі, Францыю, Літву, Польшчу і Беларусь – мясціны, звязаныя з жыццём прадзеда, якім яна цікавілася даўно, але не мела магчымасці глыбока даследаваць яго дзейнасць. І вось ужо 20 гадоў Пас Дамейка, не спыняючыся, ідзе шляхамі прадзеда. І знаходзіць усё новыя і новыя факты яго біяграфіі і навуковай дзейнасці. “Продак завалодаў маім жыццём”, – прызнаецца яна. Асабліва натхнілася пасля таго, як 2002 год  ЮНЕСКА абвясціла “Міжнародным годам Дамейкі”.

Кніга Пас на іспанскай мове, якая таксама маецца ў сям’і Шулякоў, выйшла ў чэрвені 2002 года. Выданне мела вялікі поспех. У той жа год Пас Дамейка паехала ў Літву, дзе Вільнюскі ўніверсітэт наладзіў міжнародную канферэнцыю ў гонар юбілею. Менавіта тады і была наладжана паездка па памятных мясцінах Ігната Дамейкі.

Пас Дамейка жыве ў Аўстраліі ўжо сорак пяць гадоў, але любіць Чылі ўсёй душой, як яе прадзед любіў Беларусь і заўсёды імкнуўся да яе ўсёй душой.

Кніга праўнучкі Дамейкі была перакладзена на беларускую мовы, толькі, на жаль, не ў кожнай бібліятэцы яна ёсць. Няма пакуль што яе і ў нашым музеі.

Мы спадзяёмся, што ўдасца перавесці кнігу Пас з хатняй бібліятэкі ў фармат ПДФ і змясціць на сайце, каб яе мог пачытаць кожны жадаючы.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

604