Напалеон Орда — 215 год

Сёння, 11 лютага, спаўняецца 215 год, як на свет з'явіўся мастак, музыкант, літаратар, кампазітар і педагог Напалеон Орда, аўтар некалькіх тысяч гравюр, якімі сёння карыстаюцца спецыялісты пры рэстаўрацыі старажытных маёнткаў і сядзіб.

Пасля паўстання пад пагрозай смерці ці высылкі на катаргу Орда ў 1831 годзе пад чужым прозвішчам уцёк у Парыж і атрымаў статус эмігранта. У гэты ж час вызначыліся яго прыярытэты ў творчасці — заняткі музыкай і мастацтвам. Час эміграцыі быў вельмі плённы - гэта перыяд актыўнага творчага і грамадскага жыцця. У Парыжы Напалеон Орда пазнаёміўся са светам парыжскай інтэлігенцыі — стаў сябрам Адаму Міцкевічу, пазнаёміўся з Анарэ дэ Бальзакам, Стэндалем, Джузэпэ Вердзі, Феранцам Лістам, Гектарам Берліёзам і Фрыдэрыкам Шапэнам.

У музыцы Напалеон Орда вядомы як заснавальнік беларускай школы фартэпіяннага мастацтва. Але найбольшую славу яму прынесла выяўленчае мастацтва. У 1856 годзе Орда атрымаў амністыю як удзельнік паўстання і кідае ўсё дзеля сваёй Айчызны. Па вяртанні на Радзіму ўвагу Напалеона Орды прыцягвалі старажытныя магнацкія палацы і шляхецкія сядзібы, якія ўжо тады часткова пачалі прыходзіць у запусценне. Ён спяшаўся захаваць гэтыя цуды архітэктуры на паперы, бо добра разумеў: няма нічога вечнага.

Напалеон Орда ўвайшоў у гісторыю як майстар архітэктурнага краявіду. Яго замалёўкі сталі каштоўнай крыніцай для гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў. Уявіць сабе, як выглядалі некаторыя ўжо страчаныя назаўсёды беларускія маёнткі, сёння можна толькі па малюнках Напалеона Орды.

681