Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Пішчуліна

Пішчулін Васілій Іванавіч нарадзіўся ў 1918 годзе ў г.Сталіно, РСФСР. З 1939 года ў Чырвонай арміі. Удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, савецка-фінскай вайны 1939-1940 гадоў, ваенны тэхнік.

У гады Вялікай Айчыннай вайны – актыўны ўдзельнік партызанскага руху на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Аказаўшыся ў акружэнні, Васілій Іванавіч арганізаваў партызанскую групу. У чэрвені 1942 года адбыўся агульны сход некалькіх партызанскіх груп - групы Б.Булата, Ф.Камарова, П.Булака, В.Пішчуліна. Было вырашана аб'яднацца ў адзін атрад. У жніўні да атрада далучылася яшчэ некалькі груп. На сходзе атрада ў жніўні 1942 года было створана шэсць груп. Групай № 121 камандаваў Васілій Іванавіч Пішчулін (70 чал.). Быў створаны таксама штаб атрада. Камандзірам атрада выбралі Б.А.Булата. Атраду далі назву – 3649-ы. Народныя мсціўцы знішчалі малыя апорныя пункты акупантаў у сваёй зоне. Зброю партызаны дабывалі рознымі шляхамі. Зброю з месцаў былых баёў рамантавалі і зноў пускалі ў справу. Васілій Іванавіч Пішчулін стаў «галоўнакамандуючым» бронетанкавымі сіламі. Баявы танкіст, майстар на ўсе рукі, ён разам з таварышамі праяўляў шмат выдумкі і таленту, каб аднавіць тэхніку, знайсці для яе гаручае.

У снежні 1942 года атрад 3649-ы, разам з іншымі атрадамі, увайшоў у Ленінскую партызанскую брыгаду.

У чэрвені 1943 года быў сфарміраваны атрад «Непераможны», камандзірам якога быў Пракоп Мікалаевіч Герасімчык, намеснік камандзіра па разведцы - Васілій Іванавіч Пішчулін.

За праяўленную мужнасць і гераізм у гады вайны Васілій Іванавіч быў узнагароджаны медалем «Партызану Айчыннай вайны» І ступені.

Пасля вайны В.І. Пішчулін працаваў у Дзятлаўскім раёне. Памёр у 1981 годзе.

104