Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Макарава

МАКАРАЎ ПЁТР КУЗЬМІЧ

Макараў Пётр Кузьміч нарадзіўся 22 лютага 1916 года ў вёсцы Крутчанская Байгора Усманскага раёна Ліпецкай вобласці. З 1930 па 1933 год навучаўся ў школе фабрычна-завадскога вучнёўства, па заканчэнні якой працаваў на вогнеупорным заводзе майстрам. У 1935 годзе ён паступіў у Багучэрскае педвучылішча Варонежскай вобласці. Пасля заканчэння педвучылішча Пётр Кузьміч быў накіраваны настаўнікам у Новатроіцкую пачатковую школу Петрапаўлаўскага раёна Варонежскай вобласці.

18 верасня 1939 года Макараў Пётр Кузьміч быў прызваны на тэрміновую ваенную службу і па люты 1940 года з'яўляўся курсантам палітшколы ў 150-м стралковым палку. З лютага 1940 года па чэрвень 1940 года Пётр Кузьміч быў камандзірам мінамётнага аддзялення 7-га палка 24-й стралковай дывізіі.

Неўзабаве пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 29 жніўня 1941 года, Макараў атрымаў цяжкае раненне ў левую руку і трапіў у варожы палон, з якога яму ўдалося ўцячы толькі ў верасні 1941 года. Макараў Пётр Кузьміч змог дабрацца да вёскі Масевічы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.

З гэтага часу, Пётр Кузьміч прыступіў да арганізацыі партызанскага атрада, які ў хуткім часе быў ўзброены і прыступіў да баявых дзеянняў. За першыя баявыя і дыверсійныя дзеянні атрад пачаў карыстацца павагай мясцовага насельніцтва, якое яго падтрымлівала і ўступала ў рады партызанскага руху.

Пётр Кузьміч асабіста арганізаваў аперацыі па падрыву 9 варожых эшалонаў, у выніку якіх немцы былі пазбаўлены 8 паравозаў, 74 вагонаў з жывой сілай і 116 платформаў з аўтамашынамі, танкамі, артылерыяй і іншымі ваеннымі грузамі.

Брыгада імя Варашылава пад камандаваннем Макарава Пятра Кузьміча да моманту злучэння з часцямі Чырвонай Арміі ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі дабілася наступных вынікаў: спушчана пад адхон 176 варожых эшалонаў, знішчана 458 вагонаў з жывой сілай праціўніка, разбіта 1402 платформы з тэхнікай і рознымі грузамі, забіта12 408 гітлераўцаў, 214 салдат узята ў палон, разбіта 85 аўтамашын, падарвана 600 чыгуначных рэяк, разгромлена 23 гарнізона і паліцэйскіх участкаў праціўніка, знішчана 159 км тэлеграфна-тэлефоннай сувязі, падарвана і спалена 48 шашэйных і чыгуначных мастоў.

За заслугі і асабістыя подзвігі, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Макараў Пётр Кузьміч быў узнагароджаны ордэнам Леніна, медалем "Партызану Айчыннай вайны" 1-й ступені, ордэнам "Чырвонага сцяга”.

Пасля вайны Макараў П.К. працаваў у Дзятлаўскім раёне. З 1953 па 1961 год быў старшынёй калгаса “1 мая” Дзятлаўскага раёна.

Памёр 24 сакавіка 1961 года. Імем Макарава Пятра Кузьміча названа вуліца ў г. Дзятлава. Яго імя занесена ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна.

155