XXХVI Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі стартуе ў Полацку

З 31 сакавіка па 21 красавіка у Сафійскім саборы адбудзецца XXХVI Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі. У знакамітай зале з унікальнай акустыкай будзе гучаць камерная музыка ў выкананні лепшых салістаў і калектываў, прызнаных майстроў выканальніцкага мастацтва, музыкантаў розных пакаленняў і краін. Усяго ў фестывальнай афішы ― 7 канцэртаў, якія падораць слухачам незабыўныя ўражанні ад сустрэчы з любімымі выканаўцамі, асалоду ад найвялікшых твораў класічнай музыкі мінулых стагоддзяў, а таксама сучасных навінак і прэм'ер.

Па традыцыі, адкрывае музычны форум Камерны аркестр «Еўропа-Цэнтр» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава. Больш за 15 гадоў ён з'яўляецца пастаянным удзельнікам фестывалю, кожны год радуючы і здзіўляючы сваіх прыхільнікаў яркімі праграмамі. Не стане выключэннем і цяперашні. 31 сакавіка ў канцэртнай зале Сафійскага сабора аркестр выканае шэдэўры музыкі XX стагоддзя: сюіту «Le Grand Cahier» А. Літвіноўскага, лірычнае «Adagio» Д. Смольскага, знакаміты канцэрт «Palladio» К. Джэнкінса. Партыя фартэпіяна ― заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая.

Камерныя калектывы Гомельскай абласной філармоніі прадставяць на суд полацкага гледача выдатны твор аргентынскага кампазітара М. Палмеры «Misa a Buenos Aires», вядомы як «Misatango». У ім дзіўным чынам спалучаецца традыцыйнае каталіцкае набажэнства са стылістычнымі асаблівасцямі танга. Пачуць унікальную прэм'еру ў Полацку вы зможаце 5 красавіка.

10 красавіка вядучыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі Таццяна Гаўрылава, Юрый Гарадзецкі і салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяна Старчанка ў праграме «Зоркі оперы» выканаюць шэдэўры сусветнай вакальнай класікі.

14 красавіка запрашаем гасцей і жыхароў нашага горада на праграму «Скарбы Belcanto». Расійская спявачка, уладальніца каларатурнага сапрана Людміла Трацэўская разам з арганісткай Ксеніяй Пагарэлай прадставяць слухачам вакальную музыку ў традыцыі bel canto, якая адрозніваецца асаблівай віртуознасцю, лёгкасцю і прыгажосцю.

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы з'яўляецца сапраўдным захавальнікам і прапагандыстам каштоўнасцяў народнай музыкі, твораў сучасных кампазітараў, шэдэўраў сусветнай класікі. Іх праграмы заўсёды напоўнены глыбокім духоўным сэнсам. 16 красавіка на сцэне Сафійскага сабора калектыў выканае музыку беларускіх і замежных кампазітараў XX—XXI стст., у тым ліку прэм'еру твора Э. Эшэнвальдса «In Paradisum» для хору, віяланчэлі і альта.

Рамантычная музыка для кларнета і фартэпіяна прагучыць 19 красавіка ў выкананні беларускіх салістаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Івана Брычыкава і Кацярыны Нікалаевай. У праграме ― К. М. Вэбер, І. Брамс, Я. Глебаў, І. Алоўнікаў.

Завершыцца свята музыкі выступленнем заслужанага артыста Расіі, прафесара Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, саліста Маскоўскай дзяржаўнай філармоніі Аляксандра Фісейскага. 21 красавіка ён выканае арганныя фантазіі І. С. Баха.

Квіткі на канцэрты фестывалю прадаюцца ў касах Сафійскага сабора, Музея беларускага кнігадрукавання і Прыродна-экалагічнага музея. Аматары музыкі з іншых гарадоў могуць набыць квіток анлайн на сайце https://polotsk.online.

Інфармацыя па тэлефонах:
+ 375 (214)46-53-34, 46-17-51 (каса), +375(29) 186-05-40

51