"Адна на сто тысяч"
Літаратурна-музычнае свята, прысвечанае Міжнароднаму дню сям’і
Самым каштоўным скарбам для чалавека з’яўляецца сям’я − дарагія людзі, якія заўсёды ў нашым сэрцы. Штогод 15 мая адзначаецца Міжнародны дзень сям’і. У календары знамянальных дат гэта асаблівы дзень – свята радасці, цеплыні і адчування надзейнасці нашых блізкіх. Менавіта ў сям’і перадаецца мудрасць ад пакалення да пакалення.
Будучы народны паэт Беларусі Якуб Колас нарадзіўся ў вялікай сялянскай сям’і. Сям’я бацькоў, паўсядзённы ўклад, побыт, узаемаадносіны таты з мамай паміж сабой, іх стаўленне да дзяцей сталі для будучага паэта тым падмуркам, які сфармаваў яго як асобу і творцу. Усё гэта па-майстэрску і з асаблівай любоўю Якуб Колас апісаў у сваёй славутай паэме “Новая зямля”. Упітаўшы лепшыя якасці народнага светапогляду, якімі кіраваліся бацькі, Якуб Колас становіцца клапатлівым мужам і бацькам, стваральнікам і ахоўнікам свайго ўласнага сямейнага агменю. Для пісьменніка сустрэча з Марыяй Дзмітрыеўнай Каменскай была падарункам лёсу. Якуб Колас з вялікай любоўю і пяшчотай ставіўся да жонкі і дзяцей. Лісты да іх дыхалі заўсёднай дабрынёй і клопатам. Класік вельмі любіў і сваіх унукаў, сумаваў, калі даводзілася разлучацца… Сёння ў Мінску жывуць 6 унукаў, 7 праўнукаў, 7 прапраўнукаў аўтара “Новай зямлі”.
У імпрэзе “Адна на сто тысяч” 15 мая 2024 возьмуць удзел родныя Якуба Коласа, якія распавядуць цікавыя гісторыі з жыцця класіка. Прапраўнучка Наталля сыграе на фартэпіяна. Адбудзецца прэм’ера спектакля-прытчы “Без натацый”, дзе акцёры прадставяць разважанне аб самай, напэўна, складанай дылеме XXI ст.: як сумясціць сям’ю і кар’еру. Прагучаць вершы беларускіх паэтаў, у першую чаргу Якуба Коласа. Аздобіць вечарыну чароўная музыка ў выкананні талентавітых навучэнцаў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 9 г. Мінска.
Пачатак а 16 гадзіне.
Уваход вольны.
Сардэчна запрашаем!
Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02
Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
www.kolasmuseum.by; e-mail: info@kolasmuseum.by