Прэзентацыя па выніках праекта «У арт-прасторы Мастацкай галерэі»

Адукацыйна-выхаваўчы праект «У арт-прасторы Мастацкай галерэі» ажыццяўляецца дзякуючы агульным намаганням Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай і Мастацкай галерэі.

Амаль два месяцы студэнты другога курса спецыяльнасці «Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя» пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры архітэктуры і дызайну Андрэя Анатольевіча Піскуна працавалі ў экспазіцыі першага паверха Мастацкай галерэі.

Крыніцай для натхнення стала стацыянарная выстава «Сценапіс XII-XIX стст. Спаса-Праабражэнскага храма». Выстава алейнага жывапісу XVIII-XIX стст., які быў адпластаваны са сцен храма падчас рэстаўрацыі, дазваляе прадставіць у поўным аб'ёме гістарычную і культурную каштоўнасць унікальнага помніка архітэктуры і жывапісу – Спаса-Праабражэнскага храма Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку.

Капіраванне твораў жывапісу – даўні спосаб вывучэння мастацкіх прыёмаў і тэхнік, які дазваляе спасцігнуць таямніцы акадэмічнага жывапісу. Падчас стварэння копій студэнты вывучаюць тэхнічныя прыёмы, спрабуюць правільна перадаваць колер, асвойваюць асаблівасці жывапіснай манеры мастака.

У рамках вучэбнай праграмы студэнты 1-х – 3-х курсаў выканалі копіі фрагментаў сценапісу XVIII-ХІХ стст. са збору Мастацкай галерэі г. Полацка.

У працэсе працы студэнты авалодалі такімі значнымі прафесійнымі навыкамі як кампаноўка, перадача колеру, пластыкі, структуры жывапіснага твору. «Атмасфера працы ў галерэі адрозніваецца ад універсітэцкіх заняткаў, спрыяе канцэнтрацыі ўвагі на жывапісе, таму дадзены вопыт карысны для творчага пошуку і самарэалізацыі асобы», – адзначыў старшы выкладчык кафедры архітэктуры і дызайну А. А. Піскун.

На прэзентацыі праекта прысутнічала адміністрацыя Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай. Рэктар Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі выказаў словы ўдзячнасці і захаплення Мастацкай галерэяй, а таксама надзею на далейшае супрацоўніцтва. Падзякаваў студэнтам за добрую працу. Прарэктар па навуковай рабоце Ірына Уладзіміраўна Бурая і загадчык кафедры архітэктуры і дызайну Алена Генадзьеўна Крамнёва акцэнтавалі ўвагу на важнасці выставы «Сценапіс XII-XIX стст. Спаса-Праабражэнскага храма» і каштоўнасці праекта для саміх студэнтаў.

256