
Сярод імён, якія складаюць гонар і славу беларускага народа, пачэснае месца займае імя нашага земляка – ураджэнца вёскі Погіры Дзятлаўскага раёна Ігната Дварчаніна.
Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня яго нараджэння. З гэтай нагоды ў Дзятлаўскай раённай бібліятэцы прайшло мерапрыемства “Мы ганарымся ім”. Вядучая Святлана Магера расказала пра кароткае (усяго 42 гады), але яркае жыццё нашага земляка, які горача і самааддана любіў сваю Радзіму і народ. Ён быў таленавітым паэтам і перакладчыкам, літаратуразнаўцам і публіцыстам, педагогам і выдаўцом, культурным і грамадскім дзеячам.
Старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева пазнаёміла з экспанатамі пра нашага знакамітага земляка, якія захоўваюцца ў музеі. Яна паказала гасцям хрэстаматыю беларускай літаратуры, дзе Дварчанін сабраў творы лепшых беларускіх пісьменнікаў дакастрычніцкага перыяду; доктарскую дысертацыю, за якую атрымаў званне доктара філасофіі; часопісы з надрукаванымі вершамі Ігната Сымонавіча, фотакарткі і такі каштоўны экспанат, як пісьмо ў Таварыства беларускай школы, напісанае яго рукой.(Падрабязней...)