На першым тыдні чэрвеня Полацк, а з ім і ўся краіна, адзначыў 900-годдзе з дня заснавання аднаго са знакавых цэнтраў праваслаўя ў Беларусі — Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Унікальны будынак архітэктурнага ансамбля — Спаса-Праабражэнская царква — з’яўляецца ўзорам старажытнага храмабудаўніцтва, які дайшоў да нашага часу не ў рэштках на ўзроўні падмуркаў, а ў архітэктурным стане.
Спаса-Праабражэнская царква можа многае расказаць нам пра асобу прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Старажытны роспіс і надпісы-графіці, якія пакрываюць сцены храма, заслугоўваюць асаблівай увагі навукоўцаў.
Адным з буйнейшых даследчыкаў надпісаў Спаса-Праабражэнскай царквы з’яўляецца вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра гісторыі навукі і архіўнай справы Інстытута гісторыі НАН Іна Леанідаўна Калечыц. Яна спецыяліст у галіне эпіграфікі і археалогіі Беларусі, аўтар манаграфій, вучэбных дапаможнікаў і вялікай колькасці навуковых артыкулаў.
У дні святкавання юбілею манастыра ў Музеі беларускага кнігадрукавання Іна Леанідаўна прэзентавала сваю новую кнігу «Палеаграфічная спадчына полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы: суправаджальныя надпісы на фрэсках і пытанне аўтарства». Удзельнікі прэзентацыі запыталі пра выказванні, якія выклікаюць дыскусію ў даследчыкаў, пра этапы даследвання надпісаў Спаскага храма, пра далейшыя планы аўтара. Напрыканцы прэзентацыі Іна Леанідаўна пакінула дароўныя надпісы ў кнігах. У далейшым даследчыца плануе зноў прэзентаваць новыя выданні ў Музеі кнігадрукавання.