Прэзентацыя факсімільнага выдання кнігі «Вянок» Максіма Багдановіча

10 чэрвеня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла прэзентацыя факсімільнага выдання – кнігі “Вянок” Максіма Багдановіча. Кніга выдадзена ў межах партнёрскага праекта Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і ТАА “ЛОДЭ.

У прэзентацыі прымалі ўдзел – дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, дырэктар кампаніі “ЛОДЭ” Уладзімір Гарбачоў, галоўны рэдактар выдавецтва “Капітал Прынт” Алена Маліноўская”, дырэктар крамы “Акадэмічная кніга” Вольга Глухоўская.

З прывітальнымі словамі выступілі загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі Мікола Трус, загадчык аддзела па сувязях з грамадскасцю кампаніі “ЛОДЭ” Вольга Чэрнікава, унучатая пляменніца паэта Наталія Сарока, якая гэтымі днямі завітала ў Мінск з Краснадара.

Вядучы навуковы супрацоўнік музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец пазнаёміла гасцей з гісторыяй арыгінальнай кнігі вершаў М.Багдановіча “Вянок” і факсімільнымі выданнямі. Упрыгожылі вечар лірычныя музычныя нумары ад спявачкі, мастацкага кіраўніка Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” Алесі Сівохінай.

Цёпла і ўтульна было ў гэты вечар, шмат добрых слоў прагучала ад сяброў музея ў адрас тых, хто спрычыніўся да выхаду кнігі.

“Мы не самотныя, мы кнігі маем…”

Фотаздымкі – С.Плыткевіча

149