Прэзентацыя выставы «Зорка Венера ўзышла над зямлёю..»

У мінулы чацвер, 12 чэрвеня, у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя мастацкай выставы «Зорка Венера ўзышла над зямлёю..» Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Дэкор».

З прывітальнымі словамі выступіў загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі. Кіраўнік студыі “Дэкор” Ніла Гарчанюк пазнаёміла прысутных з гісторыяй стварэння праекта «Зорка Венера ўзышла над зямлёю..». Загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Ірына Князева распавяла пра традыцыю беларускай маляванкі.

Не абышлося ў гэты ўрачысты вечар без музыкі. Падчас імпрэзы прагучалі музычныя творы ў выкананні навучэнца дзіцячай музычнай школы імя Шапэна г. Мінска Глеба Варно і яго настаўніцы Таццяны Сарокінай-Рабушка.

Вельмі прыемна, што адным з натхняльнікаў для навучэнцаў студыі «Дэкор» стаў Максім Багдановіч – наш зорны Паэт. Супрацоўнікі музея рады, што пасля заканчэння выставы адна з прац, на якой намаляваны беларускі класік, застанецца ў музеі.

Выстава будзе працаваць да 1 жніўня 2025 года. Завітвайце, каб паспець паглядзець! Уваход вольны.

90