
Напярэдадні Дня моладзі, які адзначаецца сёлета 29 чэрвеня, у Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі для навучэнцаў гарадскіх школ ладзіўся адкрыты дыялог, у час якога закранулі тэму захавання гістарычнай памяці.
– Памяць – гэта ўдзячнасць, абавязак, жыццё, пакуль мы помнім – мы жывыя, – пачала размову першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – У год Вялікай Перамогі давайце яшчэ раз узгадаем, што пакінула нам гэтая вайна, якая забрала жыцці каля 40 мільёнаў савецкіх людзей. А пакінула яна непадробны чалавечы боль, што не стане слабейшым нават праз некалькі дзесяцігоддзяў.
Кожную сям’ю закранула вайна, і Дзятлаўшчына таксама зведала шмат гора і страт, пра якія не забываюць нашчадкі і нават да гэтага часу знаходзяць новыя факты, звесткі пра тыя крывавыя гады. Краязнаўца Дзятлаўскага раёна Валянцін Абухаў ужо не першы год вывучае гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і шмат можа расказаць пра тое, як змагаліся з ворагам нашы землякі. Ён узгадаў пра партызанскі рух на Дзятлаўшчыне, цікавым быў яго аповед пра партызанскі шпіталь у Ліпічанскай пушчы, які знаходзіўся на востраве пасярод балота, як шыфраваліся, дастаўляючы на яго параненых, а чужому трапіць туды ўвогуле было немагчыма. Цяпер да месца, дзе знаходзіўся гэты шпіталь, пракладзены турыстычны маршрут, і ўсе жадаючыя могуць яго наведаць.
Нялёгкія выпрабаванні ў час вайны выпалі на долю дзяцей ваеннага часу, многія дапамагалі Савецкай арміі, чым маглі. На сустрэчу запрасілі вязня Вялікай Айчыннай вайны Галіну Сліжэўскую, падзякавалі ёй, што цаной свайго дзяцінства здабывалі мір будучым пакаленням, пажадалі моцнага здароўя.
Пэўна, кожны сёння ведае, што ў час вайны было знішчана шмат мірнага насельніцтва, закатавана і забіта проста ні за што. І гэта самы сапраўдны генацыд, жорсткі і цынічны. Да гэтага часу раскрываюцца новыя падрабязнасці. Генеральнай пракуратурай Беларусі была ўзбуджана крымінальная справа па факту генацыду насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пра тое, як гэта работа праводзіцца на Дзятлаўшчыне, расказаў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго.
У час сустрэчы ўзгадалі пра цікавы патрыятычны праект “Моладзевы цягнік. Беларусь. Моладзь. Натхненне”, які пачаўся ў 2020 годзе. Яго ўдзельнікам стала дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Марына Нячай. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі ад тыднёвага падарожжа па Беларусі, у якіх памятных мясцінах пабывалі.
Напрыканцы ўсе жадаючыя маглі далучыцца да экскурсіі па музеі. (Падрабязней)